Как прошёл юбилейный 10-й «Бой дворов» в Шумилино

Спорт, туризм

Хет-трыкі, драйв і перамогі

Як прайшоў юбілейны «Бой двароў» у Верхнім горадзе

Жнівень у Шуміліне традыцыйна належыць футболу. На спартыўнай пляцоўцы ў Верхнім горадзе ў выхадныя адбыўся штогадовы, доўгачаканы, юбілейны турнір па дваровым футболе. Дзясяты год запар «Бой двароў» збірае аматараў спорту №1 у свеце. Сёлета ўдзел у такой маштабнай для райцэнтра падзеі прынялі 25 каманд (амаль 200 ігракоў) ва ўзроставых катэгорыях 8-10 гадоў, 11-13 гадоў, 14-17 і 18+. Тры каманды юных футбалістаў ва ўзросце да 8 гадоў згулялі таварыскія матчы.

«Кожны год турнір ставіць новыя рэкорды па колькасці ўдзельнікаў, пашыраецца геаграфія. Мы перакананы, што дваровы футбол – гэта падмурак для вялікіх перамог. У нас ёсць вялікая мара, якая, магчыма, калі-небудзь рэалізуецца дзякуючы федэрацыі футболу, – правядзенне Усебеларускага «Бою двароў», – падзяліўся думкамі заснавальнік і арганізатар Максім Крыгін.

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі ганаровыя госці, без падтрымкі якіх была б немагчымая арганізацыя такога маштабнага спартыўнага свята. Максім Крыгін падзякаваў за супрацоўніцтва Беларускай Федэрацыі футболу, грамадскім арганізацыям «Пагранічнікі Шуміліна», «Беларускі саюз ваенных маракоў», ФАЦ, творчай студыі «Эксперымент-12», УП «Віцебскаблгаз», індывідуальным прадпрымальнікам і бацькам. Танцавальны калектыў «Шарм» РЦК дадаў агню пачатку спаборніцтваў, падарыўшы танец з футбольнымі мячамі.

Першы дзень спаборніцтваў пачаўся гарачымі гульнямі юных спартсменаў. На полі панавала атмасфера эмацыянальнага напружання і драйву. Першымі на поле выйшлі шумілінскія футбалісты каманд «Форвард юні» і «Форвард джуніёр». Надзейныя праваднікі ў свет футболу – трэнеры Сяргей Сахончык і Уладзіслаў Траццякоў – былі побач з хлопцамі.

Пачатковы матч трымаў у напружанні балельшчыкаў да самых апошніх секунд. «Форвард юні» ў першай гульні апынуўся мацней, і сустрэча завяршылася іх перамогай з лікам 3:2. Абсалютным героем у складзе пераможцаў стаў Уладзіслаў Джангаліеў, які выканаў бліскучы хет-трык. Сур’ёзны адказ падрыхтаваў ігрок «Форвада джуніёра» Мацвей Яцэнка, чый

дакладны дубль да апошняга захоўваў інтрыгу і надзею на камбэк. Так ярка пачаўся турнір і не менш насычана працягваўся ўсю суботу.

Увечары ўсе ўдзельнікі сабраліся на пляцоўцы для ўзнагароджання. У катэгорыі 8-10 гадоў першае месца заняла каманда «Форвард юні», другое –

«Форвард джуніёр», трэцяе – каманда «Брыкет». Найлепшым бамбардзірам

стаў Уладзіслаў Джангаліеў, найлепшым варатаром – Ксенія Пахарава. У катэгорыі 11-13 гадоў на першым месцы апынулася каманда «Тарнада», на другім – «Форвард», на трэцім – «Алмаз». Лепшым бамбардзірам стаў Аляксандр Ткачоў, лепшым варатаром – Арцём Рубін. Пераможцы атрымалі кубкі, дыпломы і падарункі. А каб перамога была яшчэ смачней, арганізатары арганізавалі сапраўдны фуршэт з вялікім тортам, сакавітым кавуном і асвяжальным сокам.

Раніца другога дня «Бою двароў» пачалася сустрэчай шумілінскіх «Мядзведзяў» з полацкай камандай «Полацк юні» ў катэгорыі 14-17 гадоў. Нашы футбалісты паказалі, хто сапраўдны гаспадар поля – з першых хвілін ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і прадэманстравалі выдатнае каманднае паразуменне. Вынік сустрэчы – упэўненая перамога шумілінцаў з лікам 4:1.

Далей эстафету прыняла катэгорыя ігракоў 18+. Эмацыянальна і ярка ў турнірную гонку ўварвалася шумілінская каманда «Starперцы». Яны сустрэліся на пляцоўцы з гасцямі з Полацка – камандай «Буслы». Наша каманда з першых хвілін уключыла максімальныя хуткасці, паказала сапраўдны мужчынскі характар і перамагла саперніка з лікам 4:1. Галоўным героем стаў Антон Ганушчанка, які аформіў хет-трык, яшчэ адзін гол забіў Дзмітрый Ярыга.

Яркай гульнёй стала сустрэча каманды «Белая Русь» з «Алмазам». Лепшыя ў тактыцы і рэалізацыі сваіх момантаў ігракі «Белай Русі» паказалі прыгожую гульню, а фінальны свісток арбітра зафіксаваў перамогу з лікам 3:1.

Героямі другога дня ва ўзроставай катэгорыі 14-17 гадоў сталі: 1 месца – «Брава», другое – «Тытан», трэцяе – «Фенікс». Лепшым бамбардзірам названы Іваноў Дзяніс (19 галоў у скарбонку!), лепшым варатаром – Маразоў

Мацвей. Дарослая ліга (18+): 1 месца – «Белая Русь», другое – «Атлетык» (Віцебск), трэцяе – «Starперцы». Лепшым бамбардзір прызнаны Дземянцьеў

Максім, лепшым варатаром – Прусакоў Максім.

СЛОВА  – КАПІТАНУ  КАМАНДЫПЕРАМОЖЦЫ  «БЕЛАЯ  РУСЬ»  АНДРЭЮ  МАЗАНКОВУ:

Наша каманда не першы год прымае ўдзел у турніры. Мы заўсёды збіраемся, каб у першую чаргу атрымаць задавальненне. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам, грамадскім аб’яднанням, грамадскасці, за кошт

асабістых сродкаў і энтузіязму якіх жыхары Шуміліна вывелі гэты турнір на міжраённы ўзровень. Значна вырас узровень судзейства, вельмі сур’ёзныя і цікавыя падабраліся каманды. Тое, што нам удалося перамагчы – гэта і вынік зладжанай гульні, і ўдача, і добры бонус да настрою.

Алена КАРПУШЭНКА,

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *