Пасля стыхіі. Святло адноўлена ва ўсіх кутках Шуміліншчыны
Напружанымі выдаліся мінулыя выхадныя для калектыва Шумілінскага раёна электрычных сетак. Моцны вецер, які абрынуўся на рэгіён у суботу, 22 жніўня, пашкодзіў лініі электраперадач ва ўсіх сельсаветах. Без электрычнасці засталіся жыхары многіх вёсак.
Як расказаў галоўны інжынер РЭС Уладзімір Юпатаў, за два выхадныя дні ў дыспетчарскую паступіла 50 заявак аб адключэннях электрычнасці. Першы званок прагучаў 22 жніўня а 18-й гадзіне, а пасля тэлефонны апарат не змаўкаў: людзі звярталіся з усіх канцоў раёна.
«Мы чакалі такога развіцця сітуацыі, таму адразу прывялі ў гатоўнасць усе аварыйныя брыгады, – адзначыў Уладзімір Юпатаў. – У ліквідацыі наступстваў стыхіі быў задзейнічаны ўвесь персанал РЭС. Заяўкі выконвалі максімальна хутка».
Дзякуючы дакладным і аператыўным дзеянням энергетыкаў, ужо да 21.00 у нядзелю электразабеспячэнне было поўнасцю адноўлена ва ўсіх населеных пунктах раёна.
Аляксандр Шэдзько.

