Механизатор ОАО «Приозерный мир» Николай Жигунов сеет рапс как в своем хозяйстве, так и в ОАО «Лежни»

Главное Новости Сельское хозяйство

Пакуль на адных палетках раёна дажынаюць апошнія гектары збожжавых, на іншых ужо закладваецца падмурак пад ураджай наступнага года. Адказнасць перайшла да сейбітаў.
Высокія тэмпы на сяўбе азімага рапсу дэманструе вопытны механізатар ААТ «Прыазёрны мір» Мікалай Жыгуноў, які сёлета шчыруе адразу на два франты. Ён засявае азімы рапс не толькі на палетках сваёй гаспадаркі, але і ў ААТ «Ляжні». На рахунку механізатара за дзень да 50-60 гектараў.


«Не паверыце, але засяваю палеткі аднайменным сортам – “мікалай”, – усміхаеццаа Мікалай Уладзіміравіч. – Насенне папулярнага гатунку, сорт устойлівы да маразоў і палягання. Мне ў дапамогу – камп’ютар, які ўстаноўлены ў кабіне трактара. Ён поўнасцю сінхранізаваны з сеялкай і ў анлайн-рэжыме кантралюе кожны працэс. Электронны памочнік вельмі палягчае працу: напрыклад, датчыкі імгненна паказваюць на маніторы, калі забіліся сашнікі. Гэта дазваляе аператыўна ліквідаваць непаладку і гарантуе якасць і раўнамернасць сяўбы па ўсім полі. Расход насення рапсу строга кантралюецца – 7 кілаграмаў на гектар».

Галоўным і надзейным саюзнікам механізатара стала магутная тэхніка, якая папоўніла нядаўна машынна-трактарны парк. У маі Мікалай Жыгуноў атрымаў з канвеера высокапрадукцыйны трактар «Кіравец», а ў чэрвені ў гаспадарку прывезлі сеялку «Беразіно». Гэты шырокаахопны агрэгат стаў сапраўдным прарывам на палях: шырыня яго захопу складае 9,6 метра, у той час як старыя сеялкі шасцімятровыя. Такая мадэрнізацыя дазволіла значна павялічыць прадукцыйнасць працы і скараціць тэрміны сяўбы.

На раніцу 24 жніўня Мікалай Жыгуноў засеяў 275 гектараў рапсу на палетках «Прыазёрнага міру» і 256 га ў ААТ «Ляжні». Як расказала начальнік участка ААТ «Ляжні» Валянціна Яцко, на палетках строга захоўваецца тэхналогія: спачатку глеба апрацоўваецца гліфасатамі, а праз некаторы час вядзецца яе падрыхтоўка да сяўбы. Наперадзе – сяўба азімых зерневых.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *