Два гады таму ў СШ № 1 г. п. Шуміліна з’явіўся тандэм, які змяніў уяўленне пра тое, што такое школьны агарод і клумбы. Тэхнічныя работнікі Іна Якаўлева і Жанна Шаршун ствараюць такую прыгажосць і вырошчваюць такі ўраджай, што можа пазайздросціць самы дасведчаны агароднік.
Заходзіш у парнік – і дыхаеш. Ад захаплення.
Таматы, якія звісаюць цяжкімі гронкамі па 5 кілаграмаў на адной расліне. Памідораў столькі, што не верыш вачам сваім. Цыбуліна больш за паўкілаграма. Клумбы каля школы – жывыя палотны, дзе кожная кветка ведае сваё месца.
– Як вам гэта ўдаецца? – пытаемся ў Іны.
Яна ў адказ толькі ўсміхаецца:
– Ды няма ніякага сакрэту. Раз-раз-раз – і гатова.
Але на самой справе сакрэты ёсць. Першы – любоў. Без яе, кажа Іна, расліны не аддадуць таго соку і энергіі, якія мы бачым.
Іна прызнаецца:
– Я кожную раніцу іду ў школьную цяпліцу як да сябра. Пагляджу, павітаюся. Яны ж жывыя, яны ўсё чуюць.
Другі сакрэт – правільны тэрмін. Сее і высаджвае расаду яна не па календары, а па надвор’і.
І трэці – паліў. Без яго нікуды: цёплай вадой і толькі пад корань. І ніякай хіміі!
А яшчэ Іна карыстаецца толькі праверанымі гатункамі. Сярод любімых таматаў – Загадка, Зінаіда, Перамога і Пярсей. З агуркоў аддае перавагу Парыжскаму карнішону, Раднічку і Герману. Яна ведае, які гатунак лепш падыходзіць для свежых салатаў, які – для засолкі, а які – каб праляжаў да самай зімы. Але пры гэтым Іна не баіцца эксперыментаваць. Сёлета, напрыклад, на школьным агародзе яна ўпершыню пасеяла клубніцы і сабрала добры ўраджай – больш за 30 літраў сакавітых ягад!
– Я проста люблю зямлю, – гаворыць жанчына. – Калі любіш, яна табе ўдвая аддае.
Карысць для школы
Гародніна і ягады ідуць у школьную сталовую, каб зрабіць харчаванне вучняў больш танным і якасным. Свежыя таматы, агуркі, цыбуля і іншае са школьнага агарода дазваляюць знізіць выдаткі на закупку прадуктаў і дадаць у меню карысныя вітаміны. Прадукцыю выкарыстоўвалі для харчавання дзяцей у школьным лагеры, мяркуецца, што ўласнай гародніны хопіць на першую чвэрць.
– Такая праца – не проста абавязкі, гэта прыклад для кожнага, – падсумоўвае дырэктар школы Вольга Далецкая. – Іна сваімі рукамі вырошчвае не проста ўраджай, а стварае атмасферу дабра і дамашняга цяпла. І гэта вельмі каштоўна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

