Яркія залацістыя мяцёлкі, якія цяпер ва ўсёй красе «буяюць» на некаторых прысядзібных участках і ў кветніках, а яшчэ на грамадзянскіх могілках, многія памылкова прымаюць за бяскрыўднае ўпрыгожванне. Аднак прыйдзецца наіўных грамадзян расчараваць – гэта не проста пустазелле, а сапраўднае экалагічнае бедства, за якое з нядаўняга часу, між іншым, можна атрымаць сур’ёзны штраф.
Гаворка ідзе пра сумнік канадскі (золотарник – рус.) – расліну, якая па ступені небяспекі для навакольнага асяроддзя прыраўноўваецца да сумна вядомага баршчэўніка Сасноўскага. Многія недасведчаныя дачнікі, не ведаючы пра гэта, называюць яго «беларускай мімозай» і з задавальненнем вырошчваюць на клумбах. Але гэтая прыгажосць зманлівая.
Экалагічная дыверсія
Сумнік – агрэсіўны захопнік. У яго няма натуральных ворагаў ні сярод насякомых, ні сярод жывёл. Ён не проста расце, а выцясняе мясцовыя віды раслін, змяняючы ўсю экасістэму. Адзін куст дае да 100 тысяч насення з амаль 95%-й усходжасцю. А яго карані вылучаюць у глебу атрутныя рэчывы, якія забіваюць «канкурэнтаў». Таму па законе выкарыстанне сумніка ў азеляненні забаронена.
Адказнасць і штрафы
Заканадаўства нашай краіны стала больш строгім. З чэрвеня 2026 года ўведзена адміністрацыйная адказнасць за непрыняцце мер па барацьбе з гэтай інвазіўнай раслінай. Калі ваш участак атакаваў сумнік, ці вы самі яго пасадзілі, неабходна прыняць меры па яго знішчэнні.
У адваротным выпадку пры выяўленні на вашым участку сумніка інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спачатку выносіць прадпісанне. Калі яго праігнараваць, можна натрапіць на штраф да 10 базавых велічынь (да 450 рублёў) для фізічных асоб. Толькі за два тыдні жніўня ў адным з раёнаў краіны было выпісана 7 штрафаў і 18 папярэджанняў на агульную суму больш за 12 тысяч рублёў.
Каментарый начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя КІСЯЛЕВІЧА:
«Усе суб’екты гаспадарання і простыя грамадзяне абавязаны абследаваць свае ўчасткі і тэрыторыі і распачаць усе меры для знішчэння «агрэсараў». Варта прыгледзецца да «прышэльцаў» больш уважліва ў тым ліку і на грамадзянскіх могілках. Так, выкараніць інвазіўныя расліны нялёгка, але праблема вырашальная, калі гэтая работа праводзіцца пастаянна і мэтанакіравана».
Што рабіць, калі сумнік ужо расце?
На невялікіх участках эфектыўна шматразовае скошванне на працягу сезона (парасткі да 15-20 см). Галоўнае – зрабіць гэта да паспявання насення і правільна ўтылізаваць зрэзаныя расліны, каб насенне не даспела на зямлі.
Не рызыкуйце сваім кашальком і не шкодзьце прыродзе!
Алена КАРПУШЭНКА.

