
Амбросавічы запрасілі на сытны «Бульбяны фэст»
Выстава традыцыйных і сучасных страў з бульбы, арыгінальныя падзелкі з клубняў, песні і танцы – усё гэта было на самым смачным брэндавым свяце «Бульбяны фэст», якое прайшло ў суботу, 5 верасня, у аграгарадку Амбросавічы.

Фае Амбросавіцкага сельскага дома культуры, якое работнікі Дома рамёстваў упрыгожылі маляванкамі і выставай кошыкаў, гасцінна запрашала да сябе на свята. Побач размясцілася яшчэ некалькі выстаў, самую смачную – «Бульбяны смак» – падрыхтавалі работнікі Амбросавіцкага СДК, Амбросавіцкай школы і мясцовымі жыхарамі. Чаго тут толькі не было! Пышныя дранікі, румяная бабка са шкваркамі і грыбамі, бульбяныя піражкі, калдуны, печаная бульба… Некаторыя ўдзельнікі прыгатавалі стравы па ўнікальных старадаўніх рэцэптах, якія стагоддзямі перадаваліся ў сем’ях. Госці з задавальненнем каштавалі цэпеліны, запяканкі з соусамі, бульбяныя кракеты з начынкай.

Побач разгарнулася казка, галоўнымі героямі якой сталі клубні «другога хлеба». Фантазія дзяцей не ведае межаў! На сталах выставы «ажылі» цэлыя сюжэты з казачнымі персанажамі і пацешнымі жывёламі.

Удзельнікаў свята вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. Ён пажадаў вяскоўцам добрага адпачынку, падзякаваў жыхарам за актыўнасць. Да віншаванняў далучыўся старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксей Іспянькоў. Ён падзякаваў жыхарам Амбросавіч за дагледжаныя падворкі і ўручыў дыпломы Уладзіміру і Святлане Карнілавым, Ніне і Леаніду Кадасавым, Раісе і Анатолю Шкурко. Аляксей Іванавіч узнагародзіў мясцовых кухараў, якія частавалі ўсіх смакатой. За самую прыгожую страву была ўзнагароджана Алена Пясецкая, за самую вялікую – Іван Рамановіч, за самую смачную – Ала Бубен, за самую арыгінальную – Наталля Хмяльніцкая, за самую незвычайную – Ева Ласянкова.

Дзеці за выставу «Бульбяныя фантазіі» атрымалі дыпломы і салодкія прызы. Для іх на свяце было шмат забаў: інтэрактыўная гульнявая пляцоўка, эстафеты.
Душэўныя песні і любімыя вяскоўцамі хіты прывезлі на свята ўдзельнікі Народнага хору народнай песні «Світанак» Шумілінскага РЦК. Прысутныя і падпявалі, і танцавалі.








