Директор Шумилинской централизированной библиотечной системы Маргарита Скуратова рассказала о современных «фишках» учреждения, новые форматы и поводы для гордости

Главное Культура Новости Общество

Фота з сямейнага архіва Ульяны і Арцёма Багаевых

Больш, чым проста бібліятэка
Штогод 15 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк – свята тых, хто беражліва захоўвае веды і адкрывае свет для тысячы чытачоў. Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Маргарыта Скуратава расказала пра сучасныя «фішкі» ўстановы, новыя фарматы і нагоды для гонару.


– Маргарыта Мікалаеўна, сучасная бібліятэка – якая яна? Якую ролю яна іграе ў жыцці жыхароў нашага раёна?

– Бібліятэка сёння – гэта цэнтр зносін людзей розных пакаленняў. Тут можна не толькі пачытаць кнігі, пагартаць газеты і часопісы – у бібліятэцы часта прахо-
дзяць розныя мерапрыемствы, майстар-класы, тэматычныя вечары з чаяваннем.

– Якія незвычайныя фарматы мерапрыемстваў сталі для раённай бібліятэкі звыклай справай?

– Адным з самых новых і цікавых чытачу фарматаў стала летняя чытальная зала на прыродзе з пледамі, падушкамі, сонцаахоўнымі парасонамі. Таксама папулярныя краязнаўчыя падарожжы з бібліёбусам і майстар-класы па вырабе закладак і навагодніх кампазіцый. Сучасная бібліятэка з  кожным годам выходзіць за рамкі простага сховішча кніг, але некаторыя метамарфозы не перастаюць здзіўляць. Нечаканай своеасаблівай «фішкай» для бібліятэкі стала выкарыстанне юнымі блогерамі дзіцячай чытальнай залы з абноўленым інтэр’ерам для стрымаў. А мясцовыя фатографы выкарыстоўваюць бібліятэку як лакацыю для правядзення фотасесій.

– Чым вы ганарыцеся?

-Падстаў для гонару шмат. Але асаблівым з’яўляецца тое, што любоў да кніг дазваляе нашым чытачам спрабаваць сябе ў ролі пісьменнікаў. Так, сёлета ў наша прафесійнае свята ў цэнтральнай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя кнігі «Дзяўчынка Нора ў свеце духаў» аўтара Марыі Марковіч.

– Мяркуючы па зменах у рабоце класічнай бібліятэкі, сучасны бібліятэкар – гэта ўжо далёка не толькі захавальнік кніг. Якімі якасцямі і навыкамі павінен ён валодаць зараз?

– Так, бібліятэкар сёння – гэта рэжысёр і сцэнарыст, псіхолаг і прыемны суразмоўца, мастак, дэкаратар і нават швачка, увогуле майстар на ўсе рукі.

– Калі зазірнуць на 5-10 год наперад, якой вы бачыце ідэальную бібліятэку нашага горада?

– Бібліятэка будучыні – гэты прасторны светлы будынак з адчыненымі заламі, куды спяшаюцца людзі, каб пагутарыць, прыемна правесці час за добрай кнігай або вечар ва ўтульнай абстаноўцы за кубачкам гарбаты з газетай у руках ля каміна.

– Што вам хочацца пажадаць сваім калегам і вашым адданым чытачам у святочны дзень?

– Сваім калегам жадаю заўсёды прыходзіць на работу ў радасным настроі. Каб кожны дзень знаходзіўся хаця б адзін чалавек, якому мы знайшлі «тую самую кнігу». Няхай у нашых фондах заўсёды будзе парадак, а ў жыцці – вясёлыя прыгоды. А нашым адданым чытачам жадаю, каб кожная адкрытая ў нашых сценах кніга дарыла натхненне, новыя веды і радасць сустрэч з дзіўным светам.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *