У Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы прайшла змястоўная размова ў рамках адзінага дня інфармавання. Галоўная тэма вераснёўскіх сустрэч у працоўных калектывах прысвечана ключавым аспектам надыходзячага дзяржаўнага свята – Дню народнага адзінства. На сустрэчу прыехаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Гуйда.

Аляксей Уладзіміравіч нагадаў шумілінскім медыкам урокі гісторыі і пра значэнне даты 17 верасня 1939 года, калі беларусы зноў здабылі магчымасць жыць у адзінай дзяржаве. Ён падкрэсліў, што згуртаванасць народа – аснова суверэннасці, нацыянальнай незалежнасці і ўстойлівага развіцця краіны.
«Уз’яднанне БССР і Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года стала актам гістарычнай справядлівасці і сімвалам адраджэння нашай краіны», – падкрэсліў Аляксей Гуйда.
Дыялог атрымаўся змястоўным, адкрытым і жывым.
Інфармацыйная група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Будневіча сустрэлася з калектывам ТАА «Альянспластрэсурс».
Супрацоўнік Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Віктар Саковіч расказаў пра гістарычную аснову Дня народнага адзінства і пра тое, чаму гэтая дата стала важнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці.
«Дзень народнага адзінства – напамін, што краіна – гэта мы, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – І наша агульнае заўтра пачынаецца сёння, у нашай гатоўнасці працаваць на карысць сям’і, раёна і Беларусі ў цэлым».
Пракурор Шумілінскага раёна Антон Гарохаў падняў актуальную і злабадзённую тэму барацьбы з наркотыкамі. «Наша галоўная задача – абараніць дзяцей і падлеткаў ад небяспечных спакус», – зазначыў Антон Аркадзьевіч і нагадаў пра строгую адказнасць за парушэнне заканадаўства.
Аб правілах пажарнай бяспекі расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Гушчын. Яго пасыл быў простым і зразумелым кожнаму: «Печкі – прывесці неадкладна ў парадак, спальваць траву – строга па правілах, пільную ўвагу ўдзяляць дзецям, у лес хадзіць – выключна з зараджаным мабільным тэлефонам».
Напрыканцы сустрэч у калектывах у кожнага работніка была магчымасць задаць асабістае пытанне членам інфармацыйных груп.
Алена КАРПУШЭНКА.








