
Дарога даўжынёй у 60 гадоў
У Шумілінскім раённым цэнтры культуры прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня ўтварэння Шумілінскага ДРБУ‑204.

«Шумілінскае ДРБУ‑204 абслугоўвае самую вялікую колькасць дарог у раёне, – адзначыў падчас віншавання старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. – Ваш калектыў дружны і надзейны. Дзякуючы вам нашы дарогі камфортныя і бяспечныя».

Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама вадзіцелю Івану Васільеву.

На свята прыйшоў не толькі калектыў прадпрыемства ў поўным саставе, але і ветэраны працы, калегі з іншых раёнаў, сябры. Вядучыя расказалі, які шлях станаўлення і развіцця прайшло прадпрыемства за шэсць дзясяткаў гадоў, прыгадалі сямейныя дынастыі, кіраўнікоў і іх уклад у развіццё прадпрыемства. Сёння добрыя дарогі – вынік штодзённай, карпатлівай і адказнай працы калектыву.

Павіншаваў калектыў з юбілеем генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Руслан Насцюшкін, які доўгі час працаваў у ДРБУ‑204 і кіраваў філіялам і ганарыцца гэтым. Руслан Мікалаевіч уручыў падарунак прадпрыемству, нагрудны знак адрознення Міністэрства транспарту і камунікацый «Ганаровы дарожнік Беларусі» эканамісту Наталлі Сіўцовай, Ганаровыя граматы «Віцебскаблдарбуду» дырэктару ДРБУ‑204 Уладзіміру Раманаву, вадзіцелю Мікалаю Маісееву і машыністу аўтагрэйдара Івану Стральцову, Падзякі прадпрыемства – машыністу змешвальніка асфальтабетону Дзмітрыю Галузу і дарожнаму рабочаму Алесі Кудзянавай .

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Уладзімір Раманаў. Ён шчыра павіншаваў калектыў і ветэранаў працы са святам, выказаў глыбокую ўдзячнасць за адданасць прафесіі, высокі майстэрскі ўзровень і ўручыў многім работнікам Ганаровыя граматы і падзякі прадпрыемства. Падзячныя лісты атрымалі ветэраны дарожнай службы.
Падарункі і словы віншаванняў шумілінскім дарожнікам адрасавалі начальнік Чашніцкага ДРБУ‑183 Аляксандр Корбан, начальнік філіяла «Віцебскдарпраект» Ігар Сёмуха, начальнік лінейнай дарожнай дыстанцыі № 364 ДЭУ‑36 РУП «Віцебскаўтадар» Віктар Прыходзька.

Яркім і незабыўным падарункам стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі і творчымі калектывамі раённага цэнтра культуры. Музычныя нумары стварылі цёплую святочную атмасферу.

