Адзінства, якое жыве ў сэрцах!
Народнай зарадкай, сямейнай эстафетай, лёгкаатлетычным забегам, паказальнымі выступленнямі Шуміліншчына адзначыла Дзень народнага адзінства. Сёлета свята прайшло ў асаблівым фармаце –пад знакам рэспубліканскага марафона «17 граняў адзінства», маштабнага праекта РГА «Белая Русь».

Ёсць даты, якія проста стаяць у календары. А ёсць такія, што жывуць у паветры, у гомане галасоў, у подыху людзей. 17 верасня для беларусаў – менавіта такая дата. Гэта дзень, калі ў далёкім 1939 годзе Заходняя і Усходняя Беларусь зноў сталі адной краінай, адным народам і адной сям’ёй. І ў Шуміліне гэтае адзінства адчувалася ў кожным кроку, кожнай усмешцы, кожным поціску рукі.

«Народная зарадка»: бадзёрасць на ўсіх

Першым акордам стаў флэшмоб «Народная зарадка». Вучні і моладзь, бацькі і дзеці, прадстаўнікі працоўных калектываў – усе разам аб’ядналіся ў адным рытме, у адным руху. Зарадка зарадзіла пазітывам.
«Голас пакаленняў»: будучыня – у надзейных руках

Побач разгарнулася тэматычная пляцоўка ўстаноў адукацыі пад назвай «Голас пакаленняў». Тут было бачна галоўнае: будучыня Беларусі – у надзейных руках. Выхаванцы дзіцячых садкоў, школьнікі, настаўнікі прэзентавалі свае дасягненні, праекты, ідэі. Гучалі вершы, песні, гісторыі пра родны край. І ў гэтым голасе пакаленняў – ад самых маленькіх да самых дарослых – чулася тое самае адзінства, якое нельга ні купіць, ні пазычыць. Яго можна толькі выхаваць.
«Разам мы сіла!»: азарт, адрэналін і мора эмоцый

Сапраўдным выбухам эмоцый стала сямейна-спартыўная эстафета «Разам мы сіла!». Тут спаборнічалі не проста каманды – спаборнічалі сем’і. Бацькі, дзеці – у адным імкненні да перамогі.
Азарт, адрэналін і мора эмоцый – так можна апісаць тое, што адбывалася на бегавой дарожцы. На свяце не было прайграўшых, бо ўсе былі разам.
Сям’я Байдаковых перамагла сярод дашкольных устаноў адукацыі, сям’я Барадзіных – сярод школ.
У адзіным парыве па галоўных вуліцах горада

Лёгкаатлетычны забег «За адзінства!» прайшоў па галоўных вуліцах Шуміліна. Беглі ўсе: хто на хуткасць, хто на вытрыманасць, а хто – проста, каб быць часткай агульнай справы.
Віншаванне – ад кіраўніка раёна

З Днём народнага адзінства жыхароў і гасцей раёна на галоўнай святочнай сцэне павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч.
«Дзень народнага адзінства трывала ўвайшоў у каляндар важных дзяржаўных святаў і стаў неад’емнай часткай нашага жыцця, – сказаў Мікалай Аляксеевіч. – Ён сімвалізуе грамадзянскую згуртаванасць, гістарычную пераемнасць і гонар за сваю Радзіму, нагадвае нам пра адказнасць за сучаснае і будучае Беларусі, пра тое, што толькі разам мы зможам зрабіць яе моцнай і квітнеючай».
Нам ёсць што паказаць!

Пасля пачалося тое, што гледачы запомняць надоўга. Мы сталі сведкамі яскравага відовішча: паказальныя выступленні ваенна-патрыятычных клубаў школ, Школы Міру і патрыятычнай групы дзіцячага садка прайшлі на адным дыханні і выклікалі ў гледачоў асаблівую гордасць за нашу годную будучыню.
Класіка жанру – на дыване. Тэхніка, сіла, характар – гэта паказальныя выступленні выхаванцаў аддзялення грэка-рымскай барацьбы СДЮШАР. Не менш уразілі выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія займаюцца вавінам в’ет во дао. Гэта не проста адзінаборства, гэта дысцыпліна, павага і шлях воіна – філасофія, якая выхоўвае характар. А каратэ – гэта прыгожа. Паказальныя выступленні выхаванцаў гуртка фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ярка прадэманстравалі гэта на вышыні.
Дзе жывём, парадак трымаем

Яркім працягам свята стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан сельскіх населеных пунктаў. Дыпломы і падарункі ўручыў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. У намінацыі «Лепшы сельсавет» перамог Лаўжанскі сельсавет, у намінацыі «Лепшы сельскі населены пункт» – вёска Убоіна Обальскага сельсавета, у намінацыі «Лепшы старэйшына» – старэйшына аг. Крывое Сяло Рыма Байкова, старэйшына аг. Мікіціха Наталля Сокалава, старэйшына в. Заобаль Ніна Віднікевіч і старэйшына вёсак Лявонава і Соіна Мікалай Ісакоўскі. Былі ўзнагароджаны пераможцы ў намінацыі «Дом узорнага парадку» (тэматычная старонка з прозвішчамі была апублікавана ў папярэднім нумары “Герой працы”).
Гэта важныя намінацыі: яны пра тых, хто кожны дзень робіць сваю малую радзіму прыгожай і ўтульнай.
Драйв ад ратавальнікаў

Паказальныя выступленні супрацоўнікаў РАНС заўсёды поўныя драйву і дынамікі. Ратавальнікі паказалі, на што здольныя, нагадалі, што бяспека –гэта таксама пра адзінства: пра клопат адзін пра аднаго.
Голас маладых

Яскравым акордам сталі выступленні маладзёжных лідараў Шуміліншчыны – ГА БРСМ, ГА «Патрыёты Беларусі», Савета працуючай моладзі. Моладзь гаварыла пра будучыню, пра веру ў сваю краіну і ў свае сілы.
«Белая Русь»:новыя члены – новыя сілы

У радах грамадскага аб’яднання «Белая Русь» – папаўненне. Членскія білеты новым членам уручылі начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела апарата РГА «Белая Русь» Алена Бокава, намеснік старшыні абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Мікалай Раманоўскі і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Шалахава.
Свята закончылася. Але засталося тое, што не заканчваецца, – пачуццё еднасці. Дзень народнага адзінства ў Шуміліне яшчэ раз даказаў простую ісціну: адзінства – гэта не толькі дата і не толькі гісторыя. Гэта наш штодзённы выбар. Гэта наш рух наперад. Гэта наша агульная будучыня, якую мы будуем разам – тут, на Шуміліншчыне, у любімай Беларусі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.














