
Гістарычны дэбют: з Шуміліна – у аркестр краіны
Віталія Белагалова дэбютавала ў складзе маладзёжнага сімфанічнага аркестра Беларусі
У жніўні Мінск апладзіраваў першаму маштабнаму канцэрту ўнікальнага маладзёжнага сімфанічнага аркестра Беларусі, які сабраў лепшыя маладыя таленты краіны. Для жыхароў нашага раёна гэта асаблівая падзея, бо права прадстаўляць Віцебскую вобласць у складзе прэстыжнага калектыва заваявала Віталія Белаголава – таленавітая выпускніца Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Калі на адной з гістарычных пляцовак сталіцы гучыць вялікая музыка, а ў цэнтры грандыёзнай падзеі стаіць наша зямлячка – гэта асаблівы, ні з чым непараўнальны гонар. Мы звязаліся з Віталіяй, каб даведацца, як гэта – стаць часткай музычнай гісторыі краіны, і ўспомніць, з чаго ўсё пачыналася.
З самага дзяцінства Віталія марыла стаць спявачкай. Любімым заняткам было напяваць разнастайныя песні, пачутыя па радыё, тэлевізары або на вуліцы. А шлях у свет вялікага мастацтва пачаўся з дзіўнай і знакавай сустрэчы, якая вызначыла далейшы лёс дзяўчынкі. Аднойчы ў школу з прафарыентацыйным візітам прыйшлі педагогі дзіцячай школы мастацтваў. Пасля прэзентацыі музычных інструментаў больш за ўсё Віталіі спадабаліся фартэпіяна і флейта. З-за таго, што ў дзяцінстве ў дзяўчынкі былі невялікія праблемы з лёгкімі, вырашана было спыніцца на духавым інструменце.
Так менавіта флейта стала для яе не проста захапленнем, а сапраўдным выратаваннем і верным спадарожнікам. Амаль дзесяць год дзяўчына моцна сябруе з гэтым вытанчаным інструментам, які адчыніў дзверы на галоўныя сцэны краіны. Сёння Віталія Белагалова з’яўляецца студэнткай 4 курса Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага.
Пра набор у маладзёжны сімфанічны аркестр яна даведалася ад свайго выкладчыка па спецыяльнасці Сяргея Пенкіна. Па словах Віталіі, кастынг быў вельмі сур’ёзным: ацэньваўся кожны нюанс тэхнікі і гуказдабывання. Аднак прайсці гэты строгі адбор і атрымаць запаветнае месца ў аркестры дзяўчыне дапамаглі не толькі бездакорныя прафесійныя якасці, але і яе глыбокая любоў да калектыўнай творчасці.
За кулісамі маштабнага праекта хавалася каласальная праца: усе пяць дзён да канцэртаў у Мінску былі распісаны літаральна па хвілінах. Кожную вольную паўзу паміж экскурсіямі калектыў напружана працаваў над матэрыялам. Але доўгія і знясільваючыя рэпетыцыі апраўдалі сябе і растварыліся ў атмасферы свята, пакінуўшы месца толькі чыстым эмоцыям. «Для мяне не было нічога больш трапяткога, чым назіраць дэбютнае захапленне дырыжора – тая ўсмешка, той погляд застануцца ў памяці на ўсё жыццё. На сцэне я адчувала неверагодныя пачуцці цеплыні і сямейнасці. Я дзівілася, колькі ў кожным з нас энтузіязму і творчага бясконцага зараду», – падзялілася флейтыстка.
Нягледзячы на яркае і насычанае музычнае жыццё цяпер, Віталія з удзячнасцю і любоўю ўспамінае гады сваёй вучобы ў роднай музыкалцы. Дзяўчына памятае імёны ўсіх, хто дапамагаў ёй рабіць першыя крокі, прывіваючы любоў да вялікага мастацтва. «Педагогі дзіцячай школы мастацтваў шчыра дзяліліся са мной сваім прафесіяналізмам і аказвалі мне вялікую маральную падтрымку на ўсім маім шляху. Асабліва я верная свайму выкладчыку па класе флейты Іне Ворса. З ёй мы прайшлі і праз смех, і праз слёзы. Таксама падчас вучобы я часта абапіралася на моцнае прафесійнае плячо канцэртмайстра Ганны Пахоменка, а раней – Вікторыі Каранеўскай. Велізарную ролю ў працэсе атрымання мною якаснай музычнай адукацыі адыграла Жанна Аглушэвіч. Яе прафесійны падыход у падачы матэрыялу дапамог мне годна здаць уступны экзамен па сальфеджыа, якое ў першы час давалася з цяжкасцю. Гэтак жа мне спатрэбіліся ўрокі выкладчыка гітары Галіны Насыр, якія паспрыялі майму развіццю ў іншым кірунку», – успомніла музыкант.
Сімвалічна, што гэтая прыгожая музычная гісторыя зусім хутка вернецца да сваіх вытокаў. Нядаўна Віталіі Белагаловай паступіла прапанова працаваць ілюстратарам у Шумілінскай ДШМ, на што будучы малады спецыяліст з задавальненнем дала станоўчы адказ. Хутка дзяўчына вернецца ў родныя пенаты, але ў новым статусе. Усім вучням, якія сёння спасцігаюць асновы творчасці ў ДШМ, Віталія пажадала: «Рабіце толькі тое, што вам сапраўды падабаецца. Без шчырага імпэту не будзе выніку! І ніколі не бойцеся іграць гучна: і ў жыцці, і на сцэне!».
Дар’я ЧАПУРНОВА.
