Беларусь – Кітай
Супрацоўніцтва працягваецца
У Мінску ўрачыста адкрылася Школа кітайскай мовы «Хуацяо». Сярод ганаровых гасцей была дырэктар Мікіціхінскай СШ Таццяна Волкава, дэпутат раённага Савета дэпутатаў.
Для Шуміліншчыны гэта не проста ўдзел у прэстыжнай падзеі, а чарговы крок у супрацоўніцтве з Кітаем. Арганізатарам выступіла Асацыяцыя арганізацый кітайскіх суайчыннікаў «Хуацяо» пры падтрымцы Пасольства КНР у Беларусі.
Гісторыя сувязей Мікіціхі з Кітаем пачынаецца з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Ураджэнец Шуміліншчыны Мікалай Ласкуноў загінуў пры вызваленні Кітая ад японскіх захопнікаў і пахаваны ў горадзе Фуцзінь. Менавіта гэтая старонка агульнай гісторыі стала асновай для сучаснага партнёрства.
У мінулым годзе ў Мікіціху завітала кітайская дэлегацыя – прадстаўнікі пасольства КНР і Асацыяцыі «Хуацяо». Візіт быў прымеркаваны да 80-годдзя перамогі ў вайне супраць японскіх захопнікаў. Тады госці прапанавалі арганізаваць анлайн-сустрэчы паміж кітайскімі і мікіціхінскімі школьнікамі. Прапанова не засталася на паперы. У канцы мінулага года Мікіціхінская СШ заключыла пагадненне аб дружалюбных адносінах з Чэндускай школай. Цырымонія падпісання прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі. Адразу пасля падпісання прайшоў першы сумесны ўрок.
Адкрыццё школы «Хуацяо» ў Мінску, куды дырэктар Мікіціхінскай СШ была запрошана ў якасці ганаровага госця, – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Шуміліншчына працягвае збліжацца з Кітаем.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

