
Ад дроў да асвятлення – асеннія клопаты жыхароў Лаўжанскага сельсавета
На мінулым тыдні рабочая група райвыканкама наведала населеныя пункты Лаўжанскага сельсавета – Залужжа, Добрына, Пабеду і аграгарадок Мікіціха. У складзе групы працавалі кіраўнік спраў райвыканкама Павел Загацкі, старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава, кіраўніцтва УП ЖКГ, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.

Што хвалюе людзей у пачатку восені? Агульны «топ праблем» вызначыць складана – абмяркоўвалі ўсё, што ўплывае на штодзённае жыццё, – жыццезабеспячэнне і добраўпарадкаванне, пажарную бяспеку, медыцынскае абслугоўванне, гандаль. Аднак найбольш часта гучалі дзве тэмы – дарогі і вулічнае асвятленне. Пытанне стану дарог узнімалі ва ўсіх населеных пунктах, а праблемы з асвятленнем – у Добрыне і Мікіцісе. Жыхары Залужжа звярнулі ўвагу на асартымент аўтамагазіна і якасць дроў, якія пастаўляе райпаліўзбыт. «Грошы бяруць сапраўдныя, а дровы вязуць трухлявыя. Непарадак», – гаварылі людзі. У Добрыне вяскоўцы абураліся, што заяўка на замену лямпачак не выконваецца з чэрвеня і дарога на Пралетарскай патрабуе ўвагі. Праблема з дарогай непакоіць і жыхароў вуліцы Сіпко ў Пабедзе. Наконт дарогі ад трасы да магазіна ў Добрыне адказ прагучаў адразу: «У самы бліжэйшы час дарожнікі правядуць рамонтныя работы», – адзначыла Юлія Савасцьянава. Жыхар в. Слабада прасіў аднавіць дарогу да могілак. Старшыня патлумачыла: пасля завяршэння сельгасработ дарогу падправіць мясцовае сельгаспрадпрыемства – дамоўленасць ужо ёсць.

На цэнтральнай сядзібе сельсавета – у аграгарадку Мікіціха – за сезон праведзены вялікі аб’ём работ. На сходзе ў Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу Юлія Савасцьянава пералічыла зробленае: асфальтаваны вуліцы Цэнтральная, Маладзёжная, Юбілейная, Ласкунова, Віцебская; добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі на вуліцах Цэнтральная і Шасэйная; у бліжэйшы час будзе заасфальтавана прыдамавая тэрыторыя на Юбілейнай. Мікіціхінцы шчыра дзякавалі за клопат.

У той жа час старшыня заклікала жыхароў не заставацца ў баку: навесці парадак на падворках, правесці асеннюю ўборку, знішчаць сумнік канадскі, калі ён выяўлены на сядзібах ці грамадзянскіх могілках. Жыхарка вуліцы Садовай папрасіла замяніць лямпачку на слупе і ўдакладніць, як дзейнічаць пры выдаленні аварыйнага дрэва.

Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Гушчын, улічваючы актуальнасць тэмы, нагадаў пра неабходнасць прывесці ў парадак пячное ацяпленне і ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў жылых пакоях. Асобна ён звярнуў увагу на бяспеку ў лесе: браць з сабой зараджаныя тэлефоны, не губляць сувязь з блізкімі. Практыка паказвае, што гэта значна паскарае пошукі заблукалых.

Дзень работы з насельніцтвам – гэта рэальны механізм дыялогу. Людзі могуць адкрыта сказаць пра праблемы, а ўлада – данесці важную інфармацыю, пачуць і адрэагаваць. Па выніках сустрэч складзены пратакол даручэнняў: пытанні вывучаць, вызначаць тэрміны, прызначаць адказных.
Алена КАРПУШЭНКА.


