
Сіла і карысць агульнай справы
19 верасня шумілінцы прадэманстравалі сваю сілу – сілу агульнай справы. У гэты дзень прайшоў раённы суботнік, і першачарговай задачай стала падрыхтоўка аб’ектаў аграпрамысловага комплексу да зімы.

Прадстаўнікі каля сарака арганізацый выехалі на дваццаць жывёлагадоўчых аб’ектаў, каб прывесці іх у парадак перад зімова-стойлавым перыядам. Працавалі зладжана і па-гаспадарску.

Абкос, афарбоўка, атынкоўка, рамонт, мыйка – работы кіпелі на кожным участку. Шэфы-памочнікі працавалі так, каб восень і халады сустрэць спакойна і ў поўным узбраенні. Кожны ўнёс свой пасільны ўклад.

Раённы суботнік ахапіў не толькі фермы. Калектывы прадпрыемстваў і арганізацый наводзілі парадак на сваіх тэрыторыях і замацаваных участках.

Касілі, фарбавалі, чынілі, перасаджвалі расліны, займаліся добраўпарадкаваннем. Усе працавалі ад душы, як адзіная каманда.
Кіраўнік раёна Мікалай Будневіч разам з работнікамі райвыканкама, фінаддзела, аддзела архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ працаваў на ферме Паратоўка КУСГП «Ульскі».
«Мэта вераснёўскага суботніка вельмі важная – падрыхтаваць жывёлагадоўчыя аб’екты і тэрыторыі да зімовага стойлавага перыяду, дапамагчы работнікам сельгаспрадпрыемстваў там, дзе патрэбна падтрымка і дадатковыя рукі».
Старшыня райвыканкама падзякаваў усім, хто ў свой выхадны дзень выйшаў на суботнік – за разуменне, падтрымку, дапамогу сельгаспрадпрыемствам, за тое, што не застаюцца ўбаку, калі гаворка ідзе пра добраўпарадкаванне малой радзімы.
Алена КАРПУШЭНКА.
