
Клік за конкурс – і акаўнт у руках махляроў
43-гадовая Таццяна (імёны зменены па этычных меркаваннях) з райцэнтра нават уявіць не магла, што звычайная просьба прагаласаваць за знаёмую ў telegram-канале праз месяц абернецца непрыемнасцямі.
Як расказалі ў райаддзеле Следчага камітэта, усё пачалося з паведамлення ў месенджары: знаёмы прыслаў спасылку на конкурс і папрасіў падтрымаць удзельніцу. Жанчына перайшла па спасылцы, прагаласавала і забылася.
Праз месяц увечары ёй патэлефанала сяброўка: «Слухай, ты грошы атрымала?». Таццяна не зразумела, пра што гаворка. Праз некалькі хвілін патэлефанавала другая калега з тым жа пытаннем. Як высветлілася, абедзве атрымалі паведамленне нібыта ад Таццяны: «Вельмі патрэбны грошы. Пазыч, колькі можаш».
Першая сяброўка знаходзілася ў іншым горадзе. Прачытаўшы паведамленне, яна адразу пералічыла 650 рублёў. Другая была на бацькоўскім сходзе ў старэйшага сына і не магла патэлефанаваць, таму пералічыла 100 рублёў пазней, калі вызвалілася. Пасля жанчыны звязаліся з Таццянай і зразумелі, што сталі ахвярамі махляроў.
Усе ўтрох звярнуліся ў праваахоўныя органы. Як расказала следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Вікторыя Лядзінская, зараз расследаванне працягваецца. Злачынцу згодна з заканадаўствам пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Вікторыя Лядзінская звяртае ўвагу на тое, што ў падобных сітуацыях галоўнае правіла – пільнасць саміх грамадзян. «Калі вам прыйшло паведамленне ад знаёмага чалавека з просьбай пазычыць грошы або пералічыць сродкі, ні ў якім разе нельга рабіць гэта адразу, – заўважае следчы. – Неабходна патэлефанаваць таму, ад чыйго імя прыйшло паведамленне, па вядомым вам нумары тэлефона, а не праз месенджар. Калі сувязь недаступная, трэба паспрабаваць звязацца праз іншыя каналы або праз яго блізкіх».
Акрамя таго, следчы рэкамендуе не пераходзіць па спасылках, нават калі іх прыслаў знаёмы, бо так можа дзейнічаць фішынг. Варта рэгулярна мяняць паролі да акаўнтаў, уключаць двухфактарную аўтэнтыфікацыю і не пакідаць асабістыя даныя на невядомых сайтах. Калі ж грошы ўжо пералічаны, неабходна неадкладна звярнуцца ў банк і ў праваахоўныя органы, захаваць скрыншоты перапіскі, квітанцыі і іншыя доказы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
