Зеленая перезагрузка в Шумилино и Оболи. Акцент делаем на красоту

Главное Новости Общество Экология


Горад у фарбах: акцэнт на прыгажосць
Каб зрабіць раённы цэнтр больш утульным, прыгожым і сучасным, да работы па добраўпарадкаванні сёлета падключыліся прафесіяналы. У Шуміліне актыўна працуюць спецыялісты ТАА «МВК-Мілена» з Мінска, якія дадаюць шумілінскім вуліцам новае ландшафтнае аблічча.


Маштабны этап зялёнай перазагрузкі пачаўся ў сярэдзіне лета. Заказчыкам пераўтварэнняў за кошт кампенсацыйных выплат арганізацый і прадпрыемстваў за выдаленне аб’ектаў расліннага свету выступіў райвыканкам. Па выніках тэндара права зрабіць наш горад больш зялёным заваявалі сталічныя ландшафтныя дызайнеры. У ліпені спецыялісты высадзілі на вызначаных аб’ектах Шуміліна каля трох тысяч дэкаратыўных кустоў. Пры выбары раслін улічваўся не толькі іх знешні выгляд, але працягласць цвіцення і трываласць, каб кампазіцыі радавалі вока жыхароў і гасцей як мага даўжэй.


Новыя яркія фарбы і аблічча набылі самыя папулярныя месцы адпачынку і лакацыі: цэнтральная плошча і гарадскі парк, Алея герояў-лётчыкаў, Сквер воінскай славы. Змянілася і папрыгажэла тэрыторыя каля магазіна «Мясная лаўка» па вуліцы Юбілейнай. Зараз на гэтых пляцоўках набіраюць сілу спірэі, барбарысы, пузыраплоднікі, ядлоўцы, іншыя кусты. Перад паваротам на Лескавічы нельга не заўважыць кампазіцыю ў колерах нацыянальнай сімволікі з барбарысу і ядлоўцу.


На мінулым тыдні работнікі ТАА «МВК-Мілена» прыступілі да другога этапа азелянення. Эпіцэнтрам работ стала тэрыторыя Алеі герояў-лётчыкаў у Шуміліне – мы заспелі рабочых, якія ўпрыгожвалі памятнае месца новымі раслінамі. Сярод «навасёлаў» – вытанчаныя вербы, вечназялёны ядловец і шыкоўныя гартэнзіі.


– За дзень высадзілі 270 дэкаратыўных кустоў, – расказала падчас сустрэчы дырэктар ТАА «МВК-Мілена» Марына Кіпель. – Асаблівы гонар нашай кампаніі ў тым, што маем уласны гадавальнік у Лідскім раёне. Менавіта адтуль прывозім саджанцы кустоў і кветак. Яны выдатна прыжываюцца і адаптаваны да нашых кліматычных умоў. Мы будзем даглядаць пасадкі на працягу года, правялі ўжо праполку, а наступнай восенню ўладанні будуць перададзены на баланс УП ЖКГ.


Работы ў Шуміліне на гэтым не закончаны. У бліжэйшы час спецыялісты будуць дасаджваць спірэю, горную сасну і пузыраплоднік (усяго каля трох тысяч кустоў). Новыя зялёныя акцэнты з’явяцца ў гарадскім парку, каля цэнтральнай бібліятэкі, а таксама на перакрыжаванні вуліц Сіпко і Суворава.


Пасля завяршэння работ у райцэнтры брыгада пераедзе ў Обаль. У ліпені там былі высаджаны спірэя, каліна, клёны і пузыраплоднік на ўездзе ў пасёлак, каля магазіна «Мясная лаўка», уздоўж вуліцы Вышалескага. Зараз у планах майстроў – пасадзіць такія ж кусты ўздоўж дарог на перакрыжаваннях вуліц Вышалескага-Даўмана.


– Мы працуем з душой і будзем вельмі рады, калі вынікі нашай працы ацэняць мясцовыя жыхары, – зазначыла Марына Анатольеўна. – Няхай на Шуміліншчыне будзе прыгожа і ўтульна!


Галоўная задача для жыхароў і гасцей гарадскіх пасёлкаў – цаніць гэтую прыгажосць і захоўваць парадак у нашым агульным доме.


Ларыса ЗАЙЦАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *