Валентина Котова из агрогородка Никитиха выращивает арбузы весом до 14,5 кг

2026 - Год белорусской женщины Главное Мир увлечений Новости Общество


Кавуны ў Валянціны Котавай – на любы густ
Калі вы думаеце, што сакавітыя цукровыя кавуны могуць расці толькі на гарачым поўдні, то вы проста не бачылі агарод Валянціны КОТАВАЙ з аграгарадка Мікіціха.


Гэтая жанчына трэці год запар даказвае: пры правільным падыходзе і вялікім жаданні шумілінская зямля здольная даваць багатыя ўраджаі бахчавых культур. На яе градках у цяпліцы спеюць і звыклыя чырвоныя, і экзатычныя жоўтыя кавуны. Сапраўднымі фаварытамі сталі сарты «Гудзіні», «Чарльстон Грэй», «Прынц Чарльз».

Галоўны сакрэт поспеху – тэхналогія прышчэпкі, якую, на думку жанчыны, пад сілу асвоіць кожнаму агародніку. Працэс нараджэння будучага кавуна пачынаецца вясной. 12 красавіка гаспадыня высявае насенне кавуноў у скрыню на падаконнік. Роўна праз пяць дзён надыходзіць чарга спецыяльных гарбузоў для падвою, напрыклад, такіх як «Рудпаўэр», «Кобальт», на якія потым і будуць прышчапляцца кавуны.

Як толькі на ўсходах з’яўляюцца першыя сапраўдныя лісткі, пачынаецца сапраўдная «хірургічная» аперацыя. Валянціна акуратна зразае ў гарбуза кропку росту, а ў кавуновага сеянца – частку расліны да кораня. Затым прыкладвае іх адзін да аднаго («ранку да ранкі»), фіксуе спецыяльнай прышчэпкай і накрывае плёнкай для стварэння парніковага эфекту. Справа ў тым, што корань у гарбуза значна мацней, ён не баіцца халоднай глебы і здольны забяспечыць кавун сілкаваннем.

У сярэдзіне мая расліны пераязджаюць на пастаяннае месца жыхарства ў цяпліцу. Каб атрымаць буйныя плады, Валянціна строга фармуе кусты: пакідае толькі па дзве плеці, на кожнай з якіх выспявае па адной-дзве завязі. Клопату кавуны патрабуюць шмат: яны любяць перагной, а вось паліваць іх дастаткова раз на тыдзень, але багата.

Калі плады набіраюць вагу, кавуны даводзіцца падвязваць у касынкі з тканіны, бо на тонкіх сцёблах утрымаць цяжар расліне не пад сілу. Самы вялікі кавун-рэкардсмен у цяпліцы Валянціны заважыў 14,5 кіло!

Як вызначыць, што паўднёвы госць ужо саспеў? У Валянціны Котавай усё разлічана да дробязей. Прыкладна праз 40 дзён пасля з’яўлення завязі плады гатовыя да ўжывання. На іх змяняецца малюнак, становіцца больш выразным і бліскучым, а калі пастукаць па кавуне – чуецца глухі гук.

Свой экалагічна чысты ўраджай гаспадыня вырошчвае не толькі для сябе. Салодкімі і сакавітымі кавунамі Валянціна частуе сваякоў і сяброў – кожны атрымлівае кавалачак сонечнай смакаты, якую гаспадыня вырасціла ўласнымі рукамі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *