
Год-два без волі:цана п’яных правапарушэнняў
Праблема хранічнага алкагалізму і звязаных з ім правапарушэнняў знаходзіцца ў полі зроку суб’ектаў прафілактыкі. Накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) – гэта заўсёды вымушаны крок, калі іншыя метады пераканання і папярэджання не дзейнічаюць на грамадзяніна.
Сёлета 13 жыхароў нашага раёна (у тым ліку трое паўторна) накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Сярод іх – адна жанчына, якая з’яўляецца абавязанай асобай і павінна пакрываць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне дзяцей.
«Аналіз асоб, адпраўленых у ЛПП, паказвае прамую сувязь паміж празмерным ужываннем алкаголю і парушэннем закона, – кажа старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксей Пашкевіч. – Сітуацыя выглядае наступным чынам: 6 чалавек з ліку накіраваных стаялі на афіцыйным уліку ў РАУС за ўчыненне дамашняга насілля. Ізаляцыя гэтых грамадзян дазволіць на пэўны час вярнуць спакой і бяспеку ў іх сем’і. Трое – раней судзімыя асобы, для якіх алкаголь стаў штуршком да паўторнага парушэння закона. На ізаляцыю паехалі жыхары Шуміліна, Мікалаева, Мікіціхі, Язвіна і Добрына. Узрост накіраваных – ад 36 да 58 гадоў».
Адметным і павучальным стаў выпадак з адным з жыхароў раёна. Мужчына быў асуджаны да накіравання ў ЛПП яшчэ ў 2023 годзе. Аднак замест таго, каб паехаць у прафілакторый, ён вырашыў схавацца і не з’яўляцца па месцы жыхарства. Супрацоўнікі міліцыі правялі неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, знайшлі грамадзяніна і адправілі яго ў прафілакторый. Трэба ведаць, што рашэнне суда аб накіраванні ў ЛПП не мае тэрміну даўнасці, таму пазбегнуць адказнасці не атрымаецца.
Сёлета пасля заканчэння тэрміну знаходжання ў ЛПП у раён вярнуліся 11 чалавек, усе яны будуць знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага год. Галоўная задача дзяржаўных органаў у гэты перыяд – дапамагчы людзям уліцца ў соцыум і знайсці работу. Зараз працаўладкавана 6 чалавек. З астатнімі праводзяцца планавыя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне рэцыдываў і дапамогу ў сацыялізацыі.
Хто рызыкуе трапіць у ЛПП? Кандыдаты – тыя, хто два і больш разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення. Першыя два разы ў лячэбна-працоўны прафілакторый накіроўваюць на адзін год, на трэці і наступныя – на два гады.
Накіраванне ў спецыялізаваную ўстанову – не проста пакаранне, а магчымасць для чалавека спыніць падзенне, прайсці курс медыцынскай рэабілітацыі і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця без алкагольнай залежнасці.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
