
Будучыня медыцыны пачынаецца тут
У Шумілінскай сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка ўрачыста адкрылі медыцынскі клас. Праект адкрывае перад старшакласнікамі ўнікальныя магчымасці для ўсвядомленага выбару высакароднай прафесіі і паглыбленага вывучэння асноў аховы здароўя.

Падзяліць святочны момант прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе № 52 Міхаіл Вішнявецкі, галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч, галоўны санітарны ўрач Шумілінскага раёна Крысціна Афанасьева, урач функцыянальнай дыягностыкі Віктар Улюценка і дырэктар школы Вольга Далецкая.
«Адкрыццё медыцынскага класа стала важным і доўгачаканым крокам, да якога мы ішлі планамерна. Гэта падзея з’яўляецца лагічным працягам работы, распачатай у мінулым навучальным годзе. Тады нашы дзевяцікласнікі рэгулярна наведвалі ўстановы аховы здароўя Віцебска, дзякуючы чаму сур’ёзна загарэліся медыцынай. Убачыўшы жывую зацікаўленасць да прафесіі, попыт на якую ў нашым рэгіёне, на жаль, стаў зніжацца ў апошні час, мы вырашылі мабілізаваць намаганні. Так нарадзіўся сумесны праект аб супрацоўніцтве паміж сістэмай адукацыі і аховы здароўя, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. – Навучальны працэс будзе арганізаваны наступным чынам: тэарэтычную базу вучням будуць даваць педагогі школы. Аднак, паколькі гэта сумесная ініцыятыва, з медыкамі складзены спецыяльны план мерапрыемстваў. Згодна з ім практычныя заняткі, асваенне навыкаў пярвічнай медыцынскай дапамогі і вывучэнне медыцынскіх асноў прафесіі будуць праходзіць у асноўным на базе Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Упэўнена, што такое цеснае ўзаемадзеянне дазволіць выхаваць матываваныя кадры для нашага рэгіёна».

«Медыцына – гэта не проста прафесія, гэта лад жыцця», – падкрэсліў у віншавальнай прамове Руслан Матвейчук. Звяртаючыся да старшакласнікаў, Руслан Алегавіч адзначыў, што адкрыццё медыцынскага класа – цудоўная магчымасць для тых, хто хоча атрымаць глыбокія веды ў галіне медыцыны, і тых, хто мае шчырае жаданне дапамагаць людзям.
Вучні профільнага класа, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з медыцынскай прафесіяй, выйшлі на сцэну ў белых халатах, каб падзяліцца асабістымі гісторыямі. Яны шчыра расказалі, чаму вырашылі звязаць сваё далейшае жыццё з медыцынай і як зарадзілася іх мара ратаваць чалавечыя жыцці. Для адных на гэты выбар паўплывала любоў да хіміі і біялогіі, у другіх проста ёсць шчырае жаданне прыносіць карысць чалавецтву, а для трэціх гэта працяг дынастыі. Старшакласнікі прамовілі клятву і з рук ганаровых гасцей атрымалі асабістыя значкі вучняў медыцынскай групы.

Са словамі наказу і цёплымі віншаваннямі да вучняў звярнуўся Міхаіл Вішнявецкі: «Будзе нялёгка – свет медыцыны вялізны, і трэба рыхтавацца да таго, што гэта будзе для вас вучобай праз усё жыццё. Але я ўпэўнены, што вы ніколі не пашкадуеце аб сваім выбары».

Галоўным і доўгачаканым момантам свята стала ўрачыстае пераразанне чырвонай стужкі на ўваходзе ў новы абсталяваны кабінет. Ганаровыя госці і будучыя медыкі – вучні медыцынскай групы – першымі агледзелі спецыялізаваны клас. Старшакласнікі шчыра падзякавалі кіраўніцтву раёна і вобласці за такі падарунак і з гонарам занялі свае парты, каб пачаць першы профільны ўрок.




