
«Стажыроўка на ферме –выдатны старт у прафесію»
Акцыя «Марафон працаўладкавання студэнцкай моладзі» закранула и наш раён. Дзякуючы ёй мясцовыя сельгаспрадпрыемствы атрымалі часовае кадравае падмацаванне, а маладыя людзі – магчымасць праверыць свае сілы і веды ў рэальных умовах вытворчасці.
Трэці тыдзень у раёне стажыруюцца студэнты Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Два студатрады з 17 будучых заатэхнікаў і ветурачоў працуюць і вучацца пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў на фермах ААТ «Ляжні» (6 чалавек) і КУСГП «Ульскі» (11).

Замест студэнцкіх аўдыторый у хлопцаў і дзяўчат рэальныя жывёлагадоўчыя аб’екты. Практыканты не проста назіраюць за працэсам, а выконваюць тэхналагічныя і лячэбныя працэдуры: праводзяць вітамінізацыю буйной рагатай жывёлы, лечаць хворых і нават самастойна выпальваюць рогі маладым цялятам для бяспечнага ўтрымання ў будучым. Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі КУСГП «Ульскі» Наталля Аверчанка хваліць студэнтаў – умеюць не толькі кропельніцы ставіць і ўколы рабіць унутрывенна, але і па першых прыкметах хваробы вызначаюць дыягназ.

«Стажыроўка на ферме – выдатны старт для нас, будучых ветурачоў і заатэхнікаў, – кажа студэнтка Марыя Бабінская. – Тэорыя застаецца ўсяго наборам літар, пакуль ты сам не адчуеш сапраўдную работу на ферме з жывёламі і не пачнеш непасрэдна працаваць. Менавіта тут прыходзіць разуменне ўсіх тонкасцей прафесіі».
Практыку ў нашым раёне праходзяць студэнты, якія родам з Віцебска, Мінска, Нясвіжа, Наваполацка, Барысаўфскага раёна, Рагачова. Ёсць і землякі – Крысціна Язёнак з Мікалаева і Максім Волкаў з Обалі. Крысціна на перыяд стажыроўкі жыве ў бацькоў, Максім у бабулі ў вёсцы Марынкіна – адтуль зручна дабірацца да фермы Паратоўка на веласіпедзе. Астатніх студэнтаў пасялілі ў будынку аздараўленчага лагера «Пунсовы ветразь» у Лескавічах, адкуль кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў арганізавала падвоз. На зваротным шляху ёсць магчымасць заязджаць у шумілінскія магазіны. Байцы студатрадаў расказалі, што ўмовамі працы яны задаволены, бытавымі ўмовамі таксама: жывуць у мэбляваных добраўпарадкаваных пакоях, ёсць халадзільнік, мікрахвалевая печка, электрачайнікі, электрапліта. Вячэру гатуюць самастойна, абедаюць на вытворчых аб’ектах – кіраўнікі сельгасарганізацый паклапаціліся пра падвоз гарачага харчавання.

Важным бонусам для маладых работнікаў з’яўляецца тое, што іх часовая праца будзе падмацавана заробленымі грашыма. Гэта з’яўляецца не толькі стымулам, але і паказвае значнасць іх прафесіі для аграрнага сектара краіны.
Слова – дырэктару КУСГП «Ульскі» Уладзіміру КАСЦЮКОВУ
– Мы вельмі зацікаўлены ў новых кадрах. Заатэхнік і ветурач – ключавыя фігуры сельгаспрадпрыемства. Мы гатовы прадастаўляць маладым спецыялістам пакет сацыяльных гарантый: ад арэнднага жылля і пад’ёмных да стабільнай заработнай платы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
