
А вы ведаеце, які смак шумілінскага краю?
Шуміліншчына працягвае здзіўляць гасцей раёна не толькі сваёй багатай гісторыяй і маляўнічай прыродай, але і высокай гастранамічнай культурай.

Работнікі Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна арганізоўваюць для турыстаў як экскурсіі, так і дэгустацыю мясцовых брэндаў. Так, падчас арганізацыі турыстычных абедаў у кафэ «Метан» у Шуміліне праходзяць прэзентацыі-дэгустацыі. Тут прапаноўваюць пакаштаваць лепшую прадукцыю мясцовых вытворцаў, якая ўжо даўно стала візітнай карткай нашага рэгіёна.
Прыемнае здзіўленне сярод турыстаў выклікае лінейка сыроў ад Шумілінскага вытворчага цэха Верхнядзвінскага масласырзавода, дзе выпускаюць з паўтара дзясятка цвёрдых і паўцвёрдых сыроў. Госці адзначаюць арыгінальны смак гатункаў «чэдар», «манах», «эдам», «стары манах», «маасдам» і іншых. Сярод апошніх дэгустацыйных навінак – сыры з белым труфелем і пажытнікам, якія выпускаюць у Верхнядзвінску.
Абавязкова на стале дэгустацый – вырабы шумілінскага цэха ТАА «Вітконпрадукт»: каўбасы «дзмітрыеўская», «аўстрыйская», «чарыза», «п’емонтэ» са смакам труфеля і іншыя. Акрамя гэтага, турыстам прапануюць хлебабулачныя вырабы, якія ў Шуміліне выпякаюць на прыватным гандлёвым прадпрыемстве «НарэкГандаль».
Выдатным дапаўненнем да гастранамічнага стала становяцца напіткі ТАА «Вежа». Смакі «Шыпучкі», «Сідра», «Фрусекі», якія зроблены на аснове натуральнага яблычнага соку, знахфодзяць шмат станоўчых водгукаў.
Самай салодкай кропкай, дэсертам прэзентацыі, з’яўляецца эксклюзіўны шакалад ручной работы індывідуальнага прадпрымальніка Вольгі Мясаедавай з райцэнтра. Ласункі скараюць не толькі сваім смакам, але і эстэтычным знешнім выглядам.
Гастранамічная дэгустацыя мясцовых брэндаў – гэта і традыцыйная беларуская кухня, дадае дырэктар цэнтра Ірына Кулікава. Удзельнікі экскурсій абедаюць у кафэ «Метан», дзе прапаноўваюць традыцыйныя беларускія стравы – клёцкі з душамі, юшку, дранікі. Турысты застаюцца вельмі задаволенымі.
Арганізацыя падобных дэгустацый у рамках турыстычнага сэрвісу – выдатны крок для папулярызацыі раёна. Госці ад’язджаюць ад нас не толькі з прыгожымі фотаздымкамі, але і са смачнымі ўражаннямі і сувенірамі, абяцаючы абавязкова вярнуцца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
