
«Каляровыя гісторыі» Ніны Воранавай
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Каляровыя гісторыі» віцебскай мастачкі Ніны Воранавай.
Ніна Воранава малявала з дзяцінства і хацела вучыцца на дызайнера, але абставіны перашкодзілі ажыццявіць дзіцячую мару, і яна звязала свой лёс з бухгалтэрыяй. Да жывапісу вярнулася праз сорак гадоў. Маслянымі фарбамі пачала пісаць невялікія мініяцюры, у асноўным кветкі і прыроду. А потым перайшла да партрэтаў, гарадскіх пейзажаў, нацюрмортаў, казачных і міфічных сюжэтаў. У 2014 годзе стала членам віцебскага клуба самадзейных мастакоў-аматараў «Контур». У тым жа годзе адбылася першая выстава Ніны Воранавай у Віцебску пад назвай «Не магу не маляваць». А ўсяго за 12 гадоў было арганізавана больш за 25 выстаў у Мінску, Полацку, Віфцебску і іншых гарадах вобласці. Мастачка неаднаразова ўдзельнічала ў розных конкурсах і перамагала – з’яўляецца лаўрэатам I ступені ў конкурсах «Мая сям’я», «Велікодныя ўзоры», адкрытага фестывалю «Віцебскі лістапад‑2023».

«Люблю ўсё яркае, – шчыра прызналася Ніна Воранава. – Таму і назвала сваю выставу “Каляровыя гісторыі”. На выставу прывезла карціны, напісаныя на працягу двух апошніх гадоў. На іх прырода, вясковыя і гарадскія пейзажы, партрэты, на некаторых палотнах можна пабачыць мужа і ўнукаў. Наогул люблю сюжэтныя карціны – каб людзі пасля іх прагляду паразважалі. За прыгажосцю далёка хадзіць не трэба – я ў гэтым пераканана. Прыгожае побач». Карціны «Чай з мёдам» «Летні нацюрморт з агуркамі», «Клубніцы з малаком» паказваюць, наколькі цудоўным і асаблівым можа быць паўсядзённае, тое, што мы не заўсёды заўважаем.

На палотнах мастачкі ажывае асабістае, на іх вельмі шчырае бачанне навакольнага свету – тут чыстыя эмоцыі, яркія колеры, непасрэднасць і наіўнасць.
Выстава Ніны Воранавай будзе працаваць у музеі да канца кастрычніка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
