Актуальное интервью. Льготный кредит Беларусбанка даёт шанс молодым специалистам устроить быт без лишних финансовых стрессов

Вопрос-Ответ Главное Молодёжь Новости Общество

Пачатак кар’еры рэдка бывае лёгкім – асабліва калі ты малады спецыяліст, які толькі што прыехаў працаваць у новы незнаёмы горад ці сельскі населены пункт. Дзяржаўная праграма льготных крэдытаў дае шанс уладкаваць побыт без лішніх фінансавых стрэсаў. Дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 225 г. п. Шуміліна ААТ «ААБ Беларусбанк» Вольга МАСЬКО расказвае, як працуе гэтая падтрымка, хто можа на яе разлічваць і чаму важна не ўпусціць момант.

– Вольга Юр’еўна, сёння шмат гавораць аб падтрымцы маладых спецыялістаў. Што такое льготны крэдыт і для чаго ён наогул патрэбны?
– Калі коратка, гэта дзяржаўная мера падтрымкі, якая дапамагае маладым спецыялістам уладкавацца на новым месцы жыцця і работы. Гаворка ідзе пра выпускнікоў каледжаў, універсітэтаў, прафтэхвучылішчаў, якія прыехалі працаваць у іншы населены пункт, асабліва ў сельскую мясцовасць. Крэдыт можна выкарыстоўваць на набыццё нехарчовых тавараў беларускай вытворчасці – ад мэблі да бытавой тэхнікі. Гэта сапраўды аблягчае старт.

– Якія ўмовы крэдытавання? Наколькі яны сапраўды льготныя?
– Умовы максімальна мяккія: тэрмін – да 5 гадоў; працэнтная стаўка – 25% ад стаўкі рэфінансавання (гэта значна ніжэй звычайных спажывецкіх крэдытаў); пагашэнне пачынаецца толькі праз 6 месяцаў пасля заключэння дагавора, прычым роўнымі часткамі. Памер крэдыту – да 30 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. На 1 верасня 2026 года БПМ складае 574,38 рубля, значыць максімальная сума – каля 17 тысяч рублёў.

– Як банк выдае гэты крэдыт? Грошы пералічваюць на карту?
– Крэдыт пералічваецца безнаяўным шляхам – напрамую гандлёвым арганізацыям, якія прадаюць тавар. Кліент прыносіць рахунак-фактуру або дагавор, і банк аплачвае пакупку.

– Вольга Юр’еўна, раскажыце падрабязней, хто менавіта можа разлічваць на льготны крэдыт?
– Па-першае, маладыя спецыялісты, якія абавязаны адпрацоўваць вызначаны тэрмін. І якія пачалі працаваць не па месцы жыхарства бацькоў або ў сельскай мясцовасці, альбо ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Для тых, хто працуе ў сельскай мясцовасці або «чарнобыльскіх» раёнах, патрабаванне аб месцы жыхарства бацькоў не дзейнічае. Па-другое, выпускнікі, якія на працягу 6 месяцаў пасля атрымання дыплома: самастойна працаўладкаваліся ў дзяржарганізацыі, сельгасарганізацыі, МНС, спажыўкааперацыю ў сельскай мясцовасці; паступілі на ваенную службу па кантракце ў часці, размешчаныя не па месцы жыхарства бацькоў. Тым, хто не трапіў пад гэтыя крытэрыі, раю разгледзець льготны крэдыт «На родныя тавары».

– Ці ёсць абавязацельствы ў тых, хто атрымлівае крэдыт?
– Так, і гэта ключавы момант. Маладыя спецыялісты павінны адпрацаваць устаноўлены законам тэрмін. Калі самастойна працаўладкаваліся – не менш за два гады з дня заключэння крэдытнага дагавора. Калі абавязацельства не выканана, адбываецца пераразлік працэнтаў – ужо па стаўцы рэфінансавання + 3 працэнтныя пункты, і трэба вярнуць суму расходаў бюджэту.

– Як адбываецца афармленне? Куды звяртацца?
– Працэдура дакладная. Арганізацыя, дзе працуе малады спецыяліст, падае хадайніцтва ў райвыканкам. Райвыканкам зацвярджае спісы. Пасля зацвярджэння спісаў грамадзянін атрымлівае права заключыць крэдытны дагавор. Дагавор можна заключыць на працягу аднаго года з моманту прызначэння на першую пасаду або пачатку першага працоўнага дагавора.
Уся падрабязная інфармацыя ёсць на сайце Беларусбанка.

– Ці можна атрымаць такі крэдыт двойчы?
– Не. Права даецца адзін раз. І я б параіла маладым спецыялістам не адкладваць. Калі вы падыходзіце пад умовы – гэта рэальная магчымасць палегчыць сабе жыццё. І галоўнае – уважліва сачыць за тэрмінамі: і падачы дакументаў, і заключэння дагавора, і абавязковай адпрацоўкі.

– Дзякуй за падрабязную і карысную інфармацыю.

Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *