
Асенні марафон сеяльшчыка
Асенні дзень год корміць – гэтую прымаўку добра ведаюць работнікі ААТ «Ляжні». Зараз у гаспадарцы ў самым разгары сяўба азімых збожжавых культур – забяспечваюць трывалы падмурак пад ураджай наступнага года.
Непасрэдна на сяўбе шчыруе механізатар Уладзімір Скітоў. Працоўны маршрут сеяльшчыка ахоплівае розныя кропкі гаспадаркі. Так, на палетках каля Амбросавіч ён ужо завяршыў сяўбу азімай пшаніцы сорту «маркіза», адсеяў азімыя зерневыя ва ўрочышчах Заграмадзіна і Усы. Зараз пасяўны агрэгат пераехаў на палеткі каля вёскі Гаравыя – тут засяваюць жыта сорту «галубка». Насенне ў гаспадарцы ўласнае.
«Раней працаваў з плугамі, праводзіў хімпраполку, убіраў збожжа на камбайне, – расказаў Уладзімір. – А вось на азімым кліне працую першы сезон, і мне гэта падабаецца – адчуваю адказнасць, бо ад маёй работы залежыць будучы ўраджай. За адзін працоўны дзень паспяваю засеяць да 35 гектараў палеткаў. Вучуся ў вопытнага калегі Мікалая Лазукі».
Перад пасяўным агрэгатам ідзе магутная глебаапрацоўчая тэхніка. На падрыхтоўцы глебы з культыватарамі працуюць Юрый Літвінаў і Сяргей Скітоў. Здрабненне і выроўніванне пласта зямлі забяспечвае Сямён Лазука, які працуе з дыскатарам.
На раніцу 28 верасня ў ААТ «Ляжні» засеяна 383 гектары азімых зерневых (30,5% да плана).
Ларыса КІСЯЛЁВА.
