
«Мы – за актыўнае даўгалецце»
На працягу трох дзён, з 23 па 25 верасня, у Віцебску праходзіў Першы Саюзны злёт грамадзян старэйшага пакалення «Мы – за актыўнае даўгалецце». У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя нашага раёна – спецыялісты ТЦСАН, ветэраны працы.
Людзі срэбнага ўзросту ўдзельнічалі ў дыскусіях, прадстаўлялі сваё майстэрства на творчых пляцоўках. Знаёміліся, адпачывалі, атрымлівалі асалоду ад святочнай атмасферы. Злёт уразіў сваім маштабам – каля тысячы ўдзельнікаў з Беларусі і Расіі сабраліся абмяняцца вопытам і абмеркаваць, як зрабіць жыццё людзей паважанага ўзросту актыўным, цікавым і насычаным.
Спецыялісты нашага цэнтра арганізавалі інтэрактыўную пляцоўку «Актыўнае дафўгалецце», кірмаш-продаж сувенірнай прадукцыі.
– Шумілінцы правялі на злёце майстар-клас «Нейра-арт: кінусайга, як зарадка для розуму». Гэта японская тэхніка па стварэнні аб’ёмных карцін са шматкоў тканіны на цвёрдай аснове. Метад з’яўляецца высокаэфектыўнай немедыкаментознай прафілактыкай дэменцыі і зніжэння рызыкі кагнітыўных парушэнняў, – расказала намеснік дырэктара ТЦСАН Вікторыя Левіт. – Яго наведалі і высокія госці – міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч і міністр працы і сацыяльнай абароны Расіі Антон Кацякоў.
Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў злёце падзялілася Ірына ФЕДЧАНКА, рэгістратар дзіцячай кансультацыі ЦРБ:
– Мяне ўразіла святочнае шэсце па вуліцы Талстога. У ім прынялі ўдзел не толькі дарослыя, але і дзеці. Я наведала выставы, паўдзельнічала ў бяспройгрышнай латарэі. Вельмі спадабаўся канцэрт, у якім выступалі беларусы і расіяне. Дадому вярталася з добрымі эмоцыямі і пазітыўным настроем.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
