Около деревни Добрино Шумилинского района идет ремонт участка дороги Городок-Улла-Камень

Главное Новости Общество Экономика


Гарачы вераснёўскі канвеер
Другі тыдзень бягучы рамонт участка дарогі Гарадок-Ула-Камень (каля вёскі Добрына) вядзе брыгада ДЭУ‑36 РУП «Віцебскаўтадар».


За працоўны дзень дарожнікі паспяваюць пакласці каля 500 метраў асфальту. На дарозе працуюць асфальтаўкладчык, дарожныя каткі, гудранатар, 6 МАЗаў, рабочыя. Дарожнікі плануюць абнавіць чатыры аўтобусныя прыпынкі ў в. Добрына і пяць з’ездаў.

– Працэс арганізаваны як дакладны канвеер, – расказаў майстар участка асфальтаўкладкі Іван Івашкоў. – Спачатку на аб’ектах вядзецца фрэзераванне – спецыяльная тэхніка зразае стары зношаны пласт, ствараючы роўную аснову. Пасля гэтага падрыхтаваная паверхня праліваецца бітумнай эмульсіяй для надзейнага злучэння матэрыялаў. Потым надыходзіць час укладкі асфальту. Усяго ў межах бягучага рамонту запланавана абнавіць і заасфальтаваць 2 кіламетры 860 метраў дарожнага палатна.

Работа з гарачым асфальтабетонам – задача для загартаваных і вопытных. Тэмпература свежай сумесі, якую дастаўляюць на аб’ект, дасягае плюс 150 градусаў. Над дарогай падымаецца густая пара, а ад гарачага палатна ідзе моцны жар.

На аб’екце разам з віцебскімі дарожнікамі шчыруюць і шумілінцы – работнікі дыстанцыі № 364. Так, Яўген Ткачоў працуе на трактары, які абсталяваны шчоткамі для ачысткі паверхні перад заліўкай бітуму. А Арцём Федаровіч на МТЗ з навясной фрэзай рыхтуе пашкоджаныя ўчасткі да абнаўлення.

Работа арганізавана па прынцыпе безадходнай вытворчасці: атрыманы ў выніку фрэзеравання асфальтагранулят будзе выкарыстаны для падсыпкі і ўмацавання абочын.

Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *