
Восень у сэрцы, радасць у душы
Бібліёбус адправіўся ў святочны рэйс да Вялікага каменя
Напярэдадні самага цёплага і душэўнага свята – Дня пажылога чалавека – Шумілінская цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала жыхарам вёсак Прыазёрная, Дабея, Лялюгі і Войлавічы незабыўны падарунак. Бібліёбус на адзін дзень ператварыўся ў сапраўдны экскурсійны экспрэс, на якім вяскоўцы адправіліся ў захапляльнае краязнаўчае падарожжа да легендарнага Вялікага каменя, размешчанага ў вёсцы Горкі.
Паездка аб’яднала прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў дружны калектыў і стала сапраўдным святам пад адкрытым небам. Падарожнікі актыўна праявілі сябе ў займальных інтэрактыўных віктарынах, арганізавалі вясёлы імправізаваны конкурс прыпевак. Самыя смелыя ўдзельнікі праявілі дух авантурызму і пакарылі вяршыню знакамітага волата! Важнай і кранальнай часткай паездкі стала ўшанаванне імяніннікаў.
У гэты дзень само надвор’е вырашыла зрабіць падарунак падарожнікам, пацешыўшы сапраўдным бабіным летам. Бліскучая на сонцы павуцінка і яркае жоўта-чырвона-зялёнае лісце стваралі настрой цеплыні, дабра і шчасця. Вяскоўцы з задавальненнем пагутарылі з восенню, весела правялі час і на асабістым прыкладзе даказалі: Дзень пажылога чалавека – свята тых, хто хоча і ўмее жыць ярка, актыўна і не старэе душой!
Дар’я ЧАПУРНОВА.
