
«Моладзь за бяспеку»
З 5 да 16 кастрычніка ў Беларусі пройдзе акцыя «Моладзь за бяспеку» – час добрых спраў, новых знаёмстваў і першых крокаў у выратавальнай справе. Сёлета яна прымеркавана да важнай даты: 25-годдзя Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных (БМГАРП).
Галоўная мэта акцыі простая і зразумелая: дапамагчы тым, хто асабліва мае патрэбу ў клопаце, і паказаць дзецям, што быць карысным можна ўжо сёння. Работнікі МНС разам з юнымі ратавальнікамі наведаюць адзінокіх сталых людзей і грамадзян з інваліднасцю. Марафоны «112 добрых спраў» і «101 дабро» аб’яднаюць тых, хто гатовы ўдзяліць час іншым – прынесці прадукты, дапамагчы па дому, пагаварыць пра бяспеку і проста падтрымаць добрым словам.
Акцыя прадоўжыцца ва ўстановах адукацыі. Вучням раскажуць пра работу БМГАРП, прафесію ратавальніка-пажарнага і магчымасці, якія адкрываюцца перад удзельнікамі маладзёжнай арганізацыі.
Асаблівае месца зоймуць дыялогавыя пляцоўкі. На іх выступяць людзі, якія шмат гадоў звязаны з арганізацыяй: былыя ўдзельнікі, супрацоўнікі органаў па надзвычайных сітуацыях, кіраўнікі аддзяленняў БМГАРП.
Да юбілею маладзёжнай арганізацыі пройдуць раённыя і абласныя мерапрыемствы, а юныя ратавальнікі падрыхтуюць святочны флэшмоб. Цёплым штрыхом стануць «Лісты да маці» – віншаванні бацькам актывістаў ад старшыняў аддзяленняў арганізацыі. Завершыцца праграма рэспубліканскім мерапрыемствам 16 кастрычніка.
Акцыя «Моладзь за бяспеку» запрашае дзяцей паспрабаваць сябе ў карыснай справе, даведацца больш пра работу ратавальнікаў і навучыцца больш уважліва ставіцца да ўласнай бяспекі і людзей побач. Каб дапамагаць, не трэба чакаць дарослага жыцця – дастаткова жадання быць карысным ужо сёння.
Вадзім ПІВАВАРАЎ, інспектар РАНС.
