За каждым успехом стоит КОМАНДА, уверены в отделе по образованию Шумилинского райисполкома

Главное Молодёжь Новости Образование Общество

Калі мы гаворым пра школу, перш за ўсё ўяўляем настаўніка – чалавека, які сустракае дзяцей раніцай, тлумачыць складанае простымі словамі, натхняе і дапамагае паверыць у свае сілы. Але за кожным урокам, кожным дасягненнем выхаванцаў, вучняў і кожнай своечасова аказанай дапамогай стаіць вялікая каманда спецыялістаў. Іх праца не заўсёды заўважная, аднак менавіта яна дапамагае адукацыйнаму жыццю заставацца цэласным, устойлівым і напоўненым рухам наперад.

Размова – пра работнікаў аддзела па адукацыі райвыканкама, вучэбна-метадычнага кабінета і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У кожнага – свой участак, свае задачы і свае прафесійныя клопаты, але ўсіх аб’ядноўвае галоўнае: імкненне зрабіць так, каб дзецям было цікава вучыцца, педагогам і выхавальнікам – расці і развівацца, а сем’і маглі атрымаць падтрымку менавіта тады, калі яна неабходная.


Асабліва радасна канстатаваць, што ў гэтай вялікай камандзе ўпэўнена заяўляюць пра сябе маладыя спецыялісты. Яны прыходзяць з новымі ідэямі, свежым позіркам і вялікім жаданнем працаваць. І ім ёсць у каго вучыцца – побач працуюць тыя, хто аддаў галіне адукацыі дзесяцігоддзі.

Каардынаваць, вырашаць і аб’ядноўваць

У адукацыйнай сістэмы, як і ў любой вялікай справе, павінен быць арыенцір. Аддзел па адукацыі – гэта месца, дзе складаецца агульная карціна развіцця ўстаноў адукацыі раёна, вызначаюцца найважнейшыя прыярытэты і прымаюцца рашэнні, ад якіх залежыць сённяшні і заўтрашні дзень адукацыі.
Тут важна адначасова бачыць перспектыву і не ўпускаць з увагі паўсядзённыя пытанні кожнай установы. За планамі, нарадамі, праектамі, справаздачамі і лічбамі заўсёды стаяць жывыя людзі, канкрэтныя калектывы і рэальныя сітуацыі.

Аддзел па адукацыі райвыканкама ўзначальвае Аксана Талстая – чалавек, які добра ведае ўсе напрамкі педагагічнай работы. Разам з ёй працуюць намеснік начальніка Ірына Саўчанка і галоўныя спецыялісты Вольга Дарафеева і Аліна Казлова. Дзякуючы іх кампетэнтнасці, уважлівасці да дэталяў і ўменню чуць людзей вырашаюцца самыя розныя пытанні – ад арганізацыі навучальнага працэсу да вырашэння гаспадарчых нюансаў.

«Работа аддзела па адукацыі – гэта штодзённы рух паміж задачамі, людзьмі і рашэннямі. Тут важна не толькі бачыць агульную карціну, але і своечасова рэагаваць на сітуацыю, знаходзіць нестандартныя падыходы, каардынаваць дзеянні адукацыйных устаноў і аб’ядноўваць намаганні ўсіх, хто працуе на агульны вынік, – падкрэслівае Аксана Талстая. – Тут асабліва важны прафесійны досвед, здольнасць хутка ацаніць сітуацыю і прыняць рашэнне, якое дапаможа канкрэтнай установе і адначасова будзе працаваць на развіццё ўсёй адукацыйнай сістэмы раёна».


Варта сказаць некалькі слоў пра Ірыну Саўчанка. Яна ведае сістэму адукацыі знутры, бо доўгі час працавала ў самай вялікай школе раёна – СШ № 1, і гэты вопыт дае ёй тое разуменне штодзённага адукацыйнага жыцця, якое нельга атрымаць з папер. Яна ведае, чым жыве педагог, што адбываецца на занятках, як прымаюцца рашэнні ў калектыве. Менавіта таму Ірына Леанідаўна ўмее хутка арыентавацца ў сітуацыі і прыняць правільнае рашэнне. «Я часта ўспамінаю сваю школу. Калі варта вырашыць складанае пытанне, я спачатку думаю: а як гэта ўбачаць настаўнікі, бацькі, дзеці? – кажа Ірына. – І тады адказ знаходзіцца сам сабой».

І. Л. Саўчанка разумее, што яе работа патрэбна іншым – педагогам, якія чакаюць падтрымкі, дзецям, якія растуць, бацькам, якія шукаюць парады. Гэтае разуменне дае ёй сілы кожную раніцу вяртацца да спраў і рабіць іх сумленна.


Спакой і ўпэўненасць Вольгі Дарафеевай адчуваюцца з першай хвіліны размовы. Для яе важна дакладнасць ва ўсім, у яе няма слоў «каля» ці «прыкладна столькі». Усё раскладзена па сваіх месцах: тэрміны, лічбы, факты. «Калі б я рабіла «на вока», даўно б ужо нешта згубіла, – кажа Вольга. – Тут не паперы, тут людзі». За спакойным знешнім выглядам – глыбокае веданне справы і гатоўнасць адказаць за кожнае рашэнне.


Аліна Казлова – самы малады спецыяліст аддзела, тут яна працуе з мая. Але за плячыма ёсць невялікі вопыт: да гэтага яна працавала сацыяльным педагогам у Обальскай СШ. Менавіта там навучылася размаўляць з дзецьмі і бацькамі, бачыць сітуацыю знутры. Аліна крок за крокам заваёўвае аўтарытэт у калектыве: не словамі, а справамі. Зараз вучыцца ў Акадэміі нацыянальнай адукацыі.

У 2025 годзе Аксана Талстая стала пераможцам абласнога этапа конкурсу «Жанчына года‑2025» і лаўрэатам у намінацыі «Паспяховы кіраўнік». Гэта высокая ацэнка яе прафесіяналізму, лідарскіх якасцей і ўкладу ў развіццё адукацыі раёна. Сама Аксана Талстая гаворыць пра гэтую перамогу проста і шчыра:

– Я не ўспрымаю гэтую ўзнагароду як асабістую. Гэта поспех усёй сістэмы адукацыі раёна. У ім – праца настаўнікаў, выхавальнікаў, метадыстаў, псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, кіраўнікоў школ. Калі гэтая праца зладжаная, вынік бачны ўсім.

Дапамагаюць настаўніку развівацца

Сучасная адукацыя – гэта не толькі ўрокі, падручнікі і адукацыйныя стандарты. За яе развіццём заўсёды стаяць людзі – педагогі, якія штодня шукаюць новыя падыходы, удасканальваюць сваё майстэрства. А побач з імі павінны быць тыя, хто дапаможа, падтрымае і падкажа.

Менавіта такую ролю ў сістэме адукацыі раёна выконвае вучэбна-метадычны кабінет. Гэта не проста месца, дзе захоўваюцца дакументы, планы і метадычныя матэрыялы. Гэта прастора прафесійных зносін, творчых ідэй і падтрымкі, дзе нараджаюцца ініцыятывы, якія пасля ўвасабляюцца ў школьным жыцці.

Сёння ў вучэбна-метадычным кабінеце працуе каманда, у якой удала спалучаюцца вопыт і маладосць, мудрасць і крэатыўнасць, традыцыі і сучасныя падыходы.


«Узначальвае кабінет загадчыца Таццяна Марозава, – расказвае Аксана Талстая. – Пад яе кіраўніцтвам вучэбна-метадычны кабінет робіць паспяховы вопыт асобных педагогаў і ўстаноў жывым метадычным рэсурсам развіцця адукацыі раёна”.


Важную частку каманды складаюць вопытныя метадысты Антаніна Караленка і Надзея Каротчанка. За іх плячыма – не адзін дзясятак гадоў работы ў школе. Іх парады – не сухія рэкамендацыі, а веды, правераныя ўласным педагагічным вопытам.


Разам з вопытам ёсць і свежы погляд маладога пакалення. Маладыя і ініцыятыўныя метадысты Вераніка Полацкая і Юлія Базар прыносяць у штодзённую работу сучасныя ідэі, новыя фарматы, нестандартныя рашэнні. Так і ствараецца баланс: вопыт дапамагае не губляць правераныя часам каштоўнасці, а маладосць дазваляе глядзець наперад і не баяцца змяненняў.


Асобная старонка ў гісторыі кабінета – прафесійны шлях Любові Сямёнавай. 30 гадоў яна працуе ў сферы дашкольнай адукацыі. За гэты час назапашаны вялікі вопыт, веданне людзей, устаноў, традыцый кожнага калектыву. Але сапраўдная каштоўнасць вопыту – у магчымасці перадаць яго іншым. Сёння Любоў Сямёнава дапамагае маладому метадысту Марыне Патупчык, якая толькі пачынае свой прафесійны шлях.

У вучэбна-метадычным кабінеце ўпэўнены, што немагчыма развіваць педагога толькі з дапамогай інструкцый і гатовых рэцэптаў.

Побач,калі патрэбна дапамога і падтрымка

Сацыяльна-педагагічны цэнтр – месца, дзе дапамога прыходзіць тады, калі яна найбольш патрэбна, у першую чаргу дзіцяці. Тут працуе калектыў, у якім кожны ведае сваю справу, і разам вырашаюць складаныя сітуацыі.


“Цэнтр узначальвае дырэктар Анастасія Ананьева – чалавек, які ўмее бачыць за кожнай праблемай канкрэтнае дзіця і канкрэтную сям’ю», – гаворыць Аксана Талстая.


У цэнтры створаны аддзелы. Аддзел прафілактыкі сямейнай нядобрана­дзейнасці і сацыяльнага сіроцтва ўзначальвае Марына Шарафутдзінава. Тут працуюць педагогі-псіхолагі Паліна Бадрова і Дар’я Акуцёнак. Дар’я трэці год у прафесіі, і за гэты час паспела даказаць, што чуласць і прафесіяналізм вельмі дапамагаюць у станаўленні маладога спецыяліста.


Аддзел падтрымкі сем’яў, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, узначальвае Людміла Грузневіч. Тут працуе сацыяльны педагог Аляксандра Крукава, якая дапамагае прыёмным сем’ям адаптавацца і стварыць для дзяцей сапраўдны дом. Са жніўня працуе юрысконсульт Валерыя Каніна. Малады спецыяліст упэўнена арыентуецца ў заканадаўстве.

Так складваецца адзіная сістэма падтрымкі, у якой у кожнага спецыяліста – свая роля, а агульны вынік залежыць ад умення дзейнічаць разам.

Сёння сістэма адукацыі – гэта сплаў маладосці і вопыту. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі дакладна ўсведамляюць, што трэба весці сур’ёзную работу з маладымі кадфрамі. І ў гэтым накірунку робіцца шмат: мэтавыя дагаворы, настаўніцтва, падтрымка кіраўніцтва раёна, новыя формы супрацоўніцтва і прафесійнага росту.

Аксана Талстая :

– Напярэдадні Дня настаўніка хочацца падзякаваць не толькі тым, хто штодзень ўваходзіць у клас, але і ўсім спецыялістам, якія дапамагаюць педагогам спраўляцца з няпростай і важнай працай.  Бо адукацыя нараджаецца там, дзе прафесіяналізм спалучаецца з клопатам, а намаганні многіх людзей складваюцца ў агульную справу.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *