Семейная династия Масюковых работает в СШ №1 г.п. Шумилино

2026 - Год белорусской женщины Главное Новости Образование Общество


Сямейны прычал у  школьных сценах
53 гады агульнага педагагічнага стажу ў Галіны і Наталлі МАСЮКОВЫХ. На працягу 12 гадоў маці і дачка працуюць у сценах роднай школы –
СШ № 1 г. п. Шуміліна. Галіну Масюкову пры нараджэнні некалькі дзён маці называла Таццянай. А калі бацька пайшоў рэгістраваць нараджэнне дачкі, вырашыў, што назаве Галінай. «Галіна Міхайлаўна – прыгожа для настаўніцы! Здорава будзе гучаць», – заявіў бацька. Па заканчэнні школы выбар прафесіі дачкі супаў з бацькавай марай. Пасля заканчэння Віцебскага педінстытута была магчымасць застацца ў Віцебску, але Галіне хацелася рамантыкі, і яна выбрала Шумілінскі раён. Спачатку выкладала беларускую мову і літаратуру ў Лескавіцкай школе, праз некаторы час перавялася ў СШ № 1 г. п. Шуміліна.


Настаўніцкі вопыт даўжынёй у чатыры дзесяцігоддзі – гэта не проста лічба, а сотні адкрытых дзіцячых сэрцаў. 41 год Галіна Масюкова прывівае дзецям павагу да беларускай мовы і літаратуры, да роднага слова. Сёння яна працуе поплеч з дачкой Наталляй, якая абрала хоць і іншы, але таксама педагагічны шлях – 12 год працуе сацыяльным педагогам.
Наталля Аляксандраўна ў прафесію прыйшла не адразу. Спачатку паступіла ў вучылішча мастацтваў на выкладчыка танцаў. Але з-за пералому рукі не давучылася, прыйшла працаваць харэографам у Шумілінскі цэнтр культуры і завочна паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на сацыяльнага педагога. Да гэтага часу прыйшло ўсведамленне, што ёй хочацца працаваць у школе, з дзецьмі і бацькамі. І нічога дзіўнага ў гэтым няма – перад вачыма быў яскравы прыклад маці. Галіна Міхаўлаўна, якая ведала ўсе падводныя камяні і цяжкасці настаўніцкай працы, не стала адгаворваць дачку.

Час паказаў, што гэта быў правільны крок. Сёння маці і дачку аб’ядноўвае не толькі агульнае месца работы, але і адзіны падыход да выхавання дзяцей – спакойны, разважлівы, заснаваны на бязмежнай любові і даверы.

У Галіны Міхайлаўны ёсць свой сакрэт выкладання ўрокаў. Калі ў класе шумна або нехта з вучняў гарэзнічае, настаўніца бярэ паўзу і маўчыць – і пры гэтым з глыбокай любоўю глядзіць на дзяцей. Метад дзейнічае лепш за заўвагі. Настаўніца заўсёды дае дзецям выбар: прачытаць твор або паглядзець спектакль. Асабліва радуецца, калі школьнікам цікавыя два варыянты – значыць, урок прайшоў не дарэмна, а тэма прайшла праз душу і сэрца вучняў.

Пра магчымасць выбару для сваіх падапечных і іх бацькоў кажа і Наталля Аляксандраўна. Яе кабінет – месца, дзе няма месца асуджэнню, а ёсць толькі гатоўнасць выслухаць, разуменне і падтрымка. Сацыяльны педагог штодня сутыкаецца з рознымі характарамі, падлеткавымі крызісамі і няпростымі сямейнымі абставінамі, аднак да кожнай асобы яна стараецца знайсці ключ. Галоўнае правіла ў яе рабоце – навучыць дзіця паверыць ва ўласныя сілы і падказаць, што выйсце ёсць з любой сітуацыі. Гэтая падтрымка часта дапамагае школьнікам змяніць свой погляд на жыццё, пакінуць крыўды ў мінулым і ўпэўнена рухацца наперад.

Галіна і Наталля Масюковы любяць дзяцей, разумеюць іх душы. Радуюцца поспехам: Галіна Міхайлаўна – пераможцам-алімпіяднікам і таму, што сённяшнія студэнты пры сустрэчы дзякуюць за добрае выкладанне беларускай мовы, Наталля Аляксандраўна – таму, што дапамагла дзецям паверыць у свае сілы, бацькі дзякуюць за падтрымку. Масюковы застаюцца прыкладам любві і вернасці прафесіі. Галіна Міхайлаўна спадзяецца, што дынастыю прадоўжаць унучкі Маша і Даша.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *