
Дом пад знос або за адну базавую
Як у раёне наводзяць парадак на пустуючых сядзібах
Навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў –адзін з галоўных прыярытэтаў у рабоце мясцовай улады. Старыя струхлелыя сядзібы не толькі псуюць выгляд вёсак, але і ствараюць пажаранебяспечную сітуацыю. У раёне вядзецца планамерная работа па рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі».
За восем месяцаў у раёне знеслі 30 лядашчых дамоў, расказаў галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Павел Гусакоў. Больш за ўсё – 7 дамоў (у Маркаве, Бараноўскіх і Дабеі) – знесена на тэрыторыі Дабейскага сельсавета, па пяць – у Каўлякоўскім і Мішневіцкім сельсаветах.
Адказнай арганізацыяй за разбор лядашчых дамоў з’яўляецца УП ЖКГ. Камунальныя работнікі маюць тэхніку, кантралююць пытанні бяспекі і займаюцца расчысткай участкаў. Там, дзе старыя хаты яшчэ могуць паслужыць людзям, на дапамогу прыходзіць мясцовае насельніцтва. Жыхары забіраюць моцныя бярвенні і рэшткі драўніны на дровы для ацяплення дамоў і лазняў.
«На тэрыторыі сельсавета людзі самі разабралі домф у Шчарбаках, пры гэтым сэканомілі каштоўны час і тэхніку, – расказала старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька. – Два дамы ў Мішневічах, па аднаму ў Ставіцы і Сураўнях разбірала брыгада УП ЖКГ, жадаючых вяскоўцаў, на жаль, не знайшлося».
Да канца года ў раёне неабходна знесці 15 лядашчых аб’ектаў у Сураўнях, Любічах, Доўгай Ніве, Обалі, Саладухах Пушчавых, Бараноўскіх, Плігаўках, Казлах. Усяго ў рэестры пустуючых дамоў заходзіцца 217 аб’ектаў.
Перад тым, як пусціць пустуючую пабудову пад знос, спецыялісты шукаюць спадчыннікаў: накіроўваюць запыты, размяшчаюць інфармацыю ў газету. Калі законныя ўладальнікі не знаходзяцца на працягу вызначанага часу, суд перадае дом ва ўласнасць раёна, а спецыялісты райвыканкама вызначаюць яго далейшы лёс. Бываюць выпадкі, калі спадчыннікі знаходзяцца, але цвяроза ацэньваюць свае сілы і афіцыйна адмаўляюцца ад дома, разумеючы, што не змогуць даглядаць за ім.
Дом за адну базавую. Не кожная пустая хата ідзе пад знос. Дзяржава дае другаснаму жыллю шанс на новае жыццё. Калі камісія вызначае, што дом яшчэ трывалы і прыдатны для абнаўлення, яго выстаўляюць на продаж па прывабнай цане – за адну базавую велічыню. Сёлета такім чынам прадалі 5 дамоў: два – у Мясаедаве, па аднаму – у Чысцях, Полцеве і Духравічах. На сённяшні дзень у спісе застаўся адзін свабодны дом у Любічах, які чакае свайго руплівага гаспадара. Калі на пустуючы дом знаходзіцца два і больш прэтэндэнты, жыллё прадаецца праз аўкцыён. Так будуць выстаўляцца дамы ў вёсках Прыазёрная, Шэдзькі, Язвіна, Крупчына і ў Шуміліне.
Арэндныя незаселеныя дамы. Наступны від дамоў, якія таксама зносяцца, – арэндныя незаселеныя звыш шасці месяцаў. Тут не трэба шукаць уласніка, бо жыллё належыць пэўнай арганізацыі, напрыклад, УП ЖКГ. «У гэтым годзе трэба знесці 20 такіх дамоў, прыбралі пакуль 9 – у вёсках Прыазёрная, Крывое Сяло, Навікі, – расказаў Павел Гусакоў. – Да канца года аварыйныя дамы будуць знесены ў Сінякове, Навіках і Свярдлах.
Як бачна, работа па зносе лядашчых дамоў у раёне арганізавана планамерна, да канца года заданне павінна быць выканана.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
