Может ли быть парковочное место личным, рассказали в ГАИ

Главное Новости Общество

Парковка около детского сада №3

Двор агульны, месца – «маё»?
Сёння практычна ў кожнай другой сям’і ў Шуміліне ёсць аўтамабіль, а ў некаторых – нават два. Пры гэтым дваровыя тэрыторыі большасці шматкватэрных дамоў праектаваліся па старых стандартах і проста не разлічаны на такую колькасць парковачных месцаў. У выніку дэфіцыт асфальту каля пад’ездаў ператварыў штодзённы пошук вольнай прасторы ў сапраўдны квэст.


Некаторыя жыхары вырашылі пытанне радыкальна – шляхам «самазахопу». Замест аўтамабіляў на паркоўках у шумілінскіх дварах можна ўбачыць самыя нечаканыя інсталяцыі з падручных матэрыялаў. У ход ідуць вёдры, цэгла, шыны і нават табурэткі. Гэтыя сумніўныя канструкцыі служаць для адной мэты – за­няць месца для канкрэтнага псеўдаўладальніка. Любая спроба аднавіць справядлівасць і прыбраць загрувашчванні часам заканчваецца бурнай палемікай з крыкамі: «Прыбяры машыну, я тут дзесяць гадоў паркуюся!» і нават прыводзіць да канфліктаў.

На якой падставе грамадская зямля раптам становіцца прыватнай, чаму «шматгадовы стаж» пад канкрэтным акном не дае ніякіх прывілеяў і чаму самаадвольны «захоп» вольнага парковачнага месца ў дварах – гэта прамы шлях да адміністрацыйнай адказнасці і штрафу, растлумачыў начальнік Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Мікалай Гаралевіч: «У Беларусі займаць («браніраваць») парковачныя месцы вёдрамі, цаглінамі, конусамі або самаробнымі прадметамі катэгарычна забаронена. Ніводны жыхар шматкватэрнага дома не мае права ўласнасці або эксклюзіўнага права на канкрэтны кавалак асфальту ў двары. Любы вадзіцель мае поўнае права прыбраць староннія прадметы на стаянцы і прыпаркаваць свой аўтамабіль».
Мікалай Уладзіміравіч гэтак жа дадаў, што па законе, згодна з артыкулам 18.29 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за пашкоджанне, забруджванне альбо загрувашчванне аўтамабільнай дарогі, паласы адводу, чыгуначнага пераезду, іншага дарожнага збудавання або тэхнічнага сродку арганізацыі дарожнага руху, а роўна пагрузка і выгрузка грузу на праезнай частцы прадугледжаны штраф ад 2 да 5 БВ (да 225 руб.).

Рэзюмуючы пазіцыю Дзяржаўтаінспекцыі і здаровага сэнсу, варта засвоіць адзіны законны прынцып паркоўкі ў дварах: «хто першым заняў свабоднае месца – той і мае рацыю». Давайце паважаць адзін аднаго і паркавацца па правілах, а не па «законе вядра».

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *