
400 аб’ектаў без уліку і лішнія выдаткі
На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці дадзена комплексная ацэнка работы цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый вобласці.
Праведзеныя Камітэтам вобласці кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што пры забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый асобныя цэнтры не забяспечваюць рацыянальнае і эканомнае выкарыстанне сродкаў бюджэту, адсутнічае належны ўлік дзяржаўнай маёмасці, парушаюцца патрабаванні працоўнага заканадаўства.
Так, устаноўлены факты залішняга планавання бюджэтных сродкаў на аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, выплату зарплаты і трансфертаў; незаконнага атрымання сродкаў раённых бюджэтаў.
Выяўлена каля 400 няўлічаных аб’ектаў асноўных сродкаў, праведзена даацэнка асобных аб’ектаў.
Устаноўлены 21 факт парушэння заканадаўства аб працы ў частцы несвоечасовай выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску.
Пастановай Калегіі даручана мясцовым органам улады і Цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый прыняць дадатковыя меры па недапушчэнні ў далейшым недахопаў і парушэнняў, выяўленых кантрольна-аналітычнымі мерапрыемствамі.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
