
«Раднік» шчыруе на ўборцы бульбы
Надвор’е на мінулым тыдні радавала цяплом. Гэта лепшы падарунак для тых, хто шчыруе на ўборцы бульбы – у СФГ «Раднік» работа на палетках кіпіць з самай раніцы, а сёлетні ўраджай шчодра ўзнагароджвае за працу.
На бульбаўборачным камбайне працуе вопытны механізатар Анатоль Карнякоў. Ён расказаў, што гатунак «гала» сёлета вырас нядрэнны, убіраюць да паўсотні тон за дзень. Агранамічная служба гаспадаркі ацэньвае ўраджай у 300 цэнтнераў з гектара. Ураджай звозяць у арачнік у Макаўе, дзе будзе весціся пераборка. Памочнікам і правай рукой Анатоля Карнякова на сезон стаў малады калега – студэнт 4 курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзіслаў Кахаеў, які родам з Мікіціхі. Юнак прыехаў у гаспадарку на практыку і асвойвае аграрныя тонкасці не па падручніках, а непасрэдна ў полі.

– Такая практыка для мяне вельмі карысная, – заўважыў Уладзіслаў. – Аграном павінен ведаць увесь тэхналагічны ланцужок знутры.
Трэба адзначыць, што для Уладзіслава гэта не першы вытворчы вопыт на шумілінскай зямлі. Летам падчас жніва ён паспеў папрацаваць на вагавой і зернесушыльным комплексе гаспадаркі. На наступны год вернецца ў раён (вучыцца па мэтавым накіраванні) ужо дыпламаваным спецыялістам.
Дзякуючы надзейнаму тандэму – вопыту і маладому задору, а таксама стараннасці – работа ў СФГ «Раднік» ладзіцца: з 15 засеяных гектараў бульбы ўбралі ўжо больш за палову.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
