В Шумилинском районе появились специальные места для крупногабаритных отходов

Главное Новости Общество Экология


Новыя кантэйнеры – новыя правілы
У Шумілінскім раёне з’явіліся спецыяльныя месцы для буйнагабарытных адходаў.


У рамках работ па добраўпарадкаванні тэрыторый і мадэрнізацыі сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі ў Шумілінскім раёне пачалі абсталёўваць пляцоўкі закрытага тыпу, а таксама ўстанаўліваць спецыялізаваныя кантэйнеры для збору буйнагабарытных адходаў (БГА, КГО – рус).

Праблема ўтылізацыі старой мэблі, бытавой тэхнікі, рэшткаў лінолеуму пасля рамонту або адслужыўшых свой тэрмін дываноў заўсёды стаяла востра. Часта жыхары выносілі падобныя буйнагабарытныя рэчы да звычайных кантэйнераў, з-за чаго вакол іх умомант утвараліся стыхійныя звалкі, якія псавалі знешні выгляд двароў і абцяжарвалі пад’езд спецтэхнікі. З’яўленне новых закрытых пляцовак і вялікіх кантэйнераў мае на мэце ў корані змяніць гэтую сітуацыю.

Новаўвядзенні ў камунальнай гаспадарцы раёна пракаменціраваў майстар участка бытавых і камунальных паслуг УП ЖКГ Шумілінскага раёна Павел Мясаедаў:

«З’яўленне спецыялізаваных кантэйнераў для БГА стала вялікім плюсам як для мясцовых жыхароў, так і для нас, камунальнікаў. Гэтыя назапашвальнікі разлічаны менавіта на тое смецце, якое па правілах катэгарычна нельга выкідваць на звычайную кантэйнерную пляцоўку. Прасцей кажучы, цяпер людзям не трэба думаць, куды падзець старую мэблю, сантэхніку, буйныя рэчы, аконныя канструкцыі. Новыя пляцоўкі дазваляюць пазбегнуць загрувашчвання дваровых тэрыторый і выключаюць стыхійнае складзіраванне хламу каля стандартных бакаў. У дварах становіцца прыкметна чысцей, а спецтранспарту лягчэй выконваць сваю што­дзённую работу. Карыстацца кантэйнерамі для буйнагабарытнага смецця могуць жыхары не толькі тых дамоў, у двары якіх яны ўстаноўлены, але і ўсе, хто пражывае ў бліжэйшых дамах».

Майстар участка пералічыў адрасы ў гарадскім пасёлку Шуміліна, дзе ўжо ўстаноўлены і функцыянуюць новыя пляцоўкі і ёмістыя кантэйнеры для буйнагабарытнага смецця: «Тры пляцоўкі закрытага тыпу для БГА размешчаны па адрасах: вул. Кароткіна, 24; вул. Юбілейная, 47; вул. Суворава 3, корп. 1. Спецыяльныя вялікія кантэйнеры ў Шуміліне размясціліся ў дварах вуліц Маладзёжная, 24 (мікрараён «Брыкет»); Луначарскага, 4; Кааператыўная, 4 або 70 гадоў БССР, 10; Сіпко, 47 (раён МСА); Юбілейная, 69, а таксама ў аграгарадку Светласельскі па вуліцы Светласельскай, 2 і ў гарадскім пасёлку Обаль на вуліцах Зяньковай, 22; Леніна, 4 і Першамайскай, 17».

Камунальная служба раёна нагадвае, што падтрыманне парадку на новых аб’ектах напрамую залежыць ад культуры саміх грамадзян, і заклікае выкарыстоўваць спецыялізаваныя пляцоўкі строга па прызначэнні. Складзіраванне любога смецця (як БГА, так і звычайных пакетаў) побач з кантэйнерамі на зямлю або прылеглую тэрыторыю лічыцца арганізацыяй несанкцыянаванай звалкі і цягне за сабой адміністрацыйны штраф.

Што МОЖНА СКЛАДЗІРАВАЦЬ у кантэйнер для буйнагабарытных адходаў:

– Мэбля: канапы, крэслы, шафы, ложкі, матрацы, крэслы, камоды.

– Сантэхніка: унітазы, ракавіны, ванны, змяшальнікі, вырабы з фаянсу і керамікі.

– Прадметы інтэр’еру і ўжытку: дываны, карнізы, рэшткі лінолеуму і ламінату, шпалеры.

– Буйныя рэчы: зламаныя веласіпеды, вялікія дзіцячыя цацкі, манежы, арэлі.

– Аконныя канструкцыі: драўляныя або пластыкавыя рамы, але абавязкова без шкла.

Што НЕЛЬГА КІДАЦЬ:

– Цвёрдыя камунальныя адходы: звычайнае бытавое смецце ў пакетах (яго месца – у стандартных шэрых або зялёных баках).

– Капітальнае будаўнічае смецце: бой цэглы, кавалкі бетону, пліты, мяшкі з цэментам і будаўнічымі сумесямі.

– Расліннасць: галінкі, лісце, бацвінне, скошаную траву, а таксама гнілыя яблыкі і іншыя плады.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *