Как работается в ОАО «АгроБоровика» молодым специалистам Даниилу Кухно и Валерии Юрман

Главное Молодёжь Новости Общество Сельское хозяйство


Кадравы імпульс для вёскі
Аграпрамысловы комплекс Шуміліншчыны папоўніўся новай працоўнай сілай. Сёлета на першыя рабочыя месцы ў гаспадаркі раёна прыбылі 13 маладых спецыялістаў: бухгалтары, эканамісты, заатэхнікі, механізатары.


Данііл Кухно і Валерыя Юрман амаль два месяцы працуюць у ААТ «АграБаравінка». За гэты час паспелі асвоіцца на працоўных месцах. Кіраўніцтва і калегі сустрэлі маладое папаўненне з радасцю, за кожным замацавалі настаўнікаў.

Данііла Кухно мы заспелі на мехдвары. Вывучыўся хлопец на механізатара і зваршчыка ў Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы па мэтавым накіраванні ад раёна, таму дакладна ведаў, што вернецца на малую радзіму. Зараз працуе зваршчыкам, дапамагае калегам рамантаваць трактары ў майстэрнях.

– Вельмі хачу перасесці за руль трактара і папрацаваць на ім у полі да прызыву ў армію, – падзяліўся марамі Данііл.

Пытанне з жыллём у маладога спецыяліста не паўстала: арэндная кватэра не спатрэбілася (хоць гаспадарка гатова была яе прадаставіць), ездзіць кожны дзень у Шуміліна да бацькоў, бо ведае, што ў лістападзе пойдзе на тэрміновую вайсковую службу. Дарэчы, да службы хлопец рыхтуецца сур’ёзна – хоча трапіць менавіта ў дэсантныя войскі.

Зусім іншая гісторыя ў віцяблянкі Валерыі Юрман, якая прыехала на Шуміліншчыну пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дзяўчына з дыпломам бухгалтара заключыла з ААТ «АграБаравінка» кантракт на два гады. Першы месяц працоўных будняў выдаўся няпростым – даводзілася штодня ездзіць на работу з Віцебска. Але зараз жыллёвае пытанне вырашана – прадастаўлена арэндная кватэра. Валерыя займае адзін з пакояў у прасторнай трохпакаёўцы, адрамантаванай ад падлогі да столі спецыяльна для маладых спецыялістаў. У кватэры ўсталяваны новыя газавая пліта і ўся неабходная сантэхніка. Бацькі прывезлі канапу, стол і халадзільнік. Атрыманыя пад’ёмныя грошы збіраецца адкласці на набыццё пральнай машыны.

Моладзь настроена аптымістычна, не баіцца цяжкасцей, а галоўнае – мае вялікае жаданне працаваць і спасцігаць новае. Хочацца пажадаць маладым спецыялістам плённай працы.

Ларыса ЗАЙЦАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *