Ерашово раскинулось на берегах двух рек

Главное Край шумілінскі Новости Общество

Ерашова: на берагах дзвюх рэчак

Маляўнічыя берагі Заходняй Дзвіны заўсёды прыцягвалі людзей сваёй некранутай прыгажосцю, цішынёй і асаблівай энергетыкай. Менавіта ў такім кутку размясцілася невялікая і вельмі ўтульная дачная вёска Ерашова. Населенаму пункту пашанцавала і яшчэ на адну рэчку, якая працякае тут, – Сечну. Так што рыбакі кажуць, што для іх тут сапраўдны рай.


За сотні кіламетраў – на бераг Дзвіны


Ерашова стала сапраўдным выратаваннем ад гарадскога тлуму для дачнікаў, якія з любоўю ўладкавалі тут свой побыт у 30 дамах. Геаграфія жыхароў уражвае. Сюды прыязджаюць адпачы­ваць і працаваць на зямлі не толькі з Віцебска і Полацка, але і з Мінска і нават з Санкт-Пецярбурга. Людзі гатовы пераадольваць сотні кіламетраў, каб удыхнуць чыстае паветра і атрымаць асалоду ад прыроды. Усіх дачнікаў можна падзяліць на дзве катэгорыі: мясцовых, чые бацькі ці дзяды жылі тут, і прыезджых, каму Ерашова парэкамендавалі знаёмыя ці сябры, расказала старэйшына Антаніна Шэдзько. Зараз у вёсцы свабодны ўсяго адзін дом, але гаспадары не спяшаюцца яго прадаваць – ведаюць каштоўнасць роднага кутка. «Не прадаецца хата бацькоў, – кажа Валянціна Круглая, якая ва ўзорным парадку ўтрымлівае не толькі бацькоўскі дом, але і падворак. – У нас кожны гаспадар дбае пра парадак». Аднак дачнікі не вельмі задаволены толькі адным уласнікам дома, дзе вакол неабкошана.


А вось непадалёк, на падворку Пятра Лямнёва, якога сустрэлі з трымерам у руках, утульна і акуратна. Мужчына пабудаваў дом на сядзібе бабулі і дзядулі. Дыхтоўны, зроблены з любоўю, аздоблены кветкамі. Побач – маладыя яблыні, пераносныя лазня і гаспадарчая пабудова, калодзеж, баскетбольная пляцоўка для ўнука. І хаця жыве Пётр Іванавіч не ў горадзе, а ў аграгарадку Ноўка, усё роўна ўвесь вольны час праводзіць у Ерашове.

Ад рыбалкі – настрой на ўсе сто!


Жыхары не адчуваюць сябе адарванымі ад цывілізацыі. Дачнікі заключылі дагаворы з УП ЖКГ на рэгулярны вываз смецця, пастаянна наведваецца паштовая машына, якая дастаўляе прэсу і прадукты, расказаў Вячаслаў Ушал, які трыццаць гадоў таму набыў у вёсцы домік. Выбраў Ерашова, бо сам ураджэнец суседняй вёскі Надзежына. «Для мяне рэчкі ў Ерашове – гэта рай, бо сам рыбак, – заўважыў Вячаслаў Уладзіміравіч. – Пасля будаўніцтва гідраэлектрастанцыі ў Полацкім раёне вада ў рацэ паднялася, дзякуючы гэтаму наваколле стала яшчэ больш маляўнічым. Выйду раніцай з першымі промнямі сонца на бераг і сяджу з вудай. Настрой – на ўсе сто! У маім асабістым арсенале шчупакі па пяць кілаграмаў. А так больш клююць падлешчыкі».

Выбар ёсць: аўталаўка, магазін у  Мішкавічах ці базар у  Уле


Некаторыя дачнікі застаюцца ў Ерашове да канца лістапада, іншыя і зімуюць тут. Пытанняў з падрыхтоўкай да халадоў няма: дровы без праблем прывозяць лясгас альбо прыватнікі. Некалькі гаспадароў пакарысталіся дабротамі па электраацяпленні. Два разы на тыдзень у вёску прыязджае аўталаўка, расказалі Валянціна Барысевіч, Ганна Патапава і Ала Калтыгіна. Яны, а таксама Аляксандр Прыгун, Святлана Ніканенка з вясны да глыбокай восені жывуць у бацькоўскіх хатах, вырошчваюць памідоры, агуркі і шмат кветак.
За прадуктамі выбіраюцца дачнікі ў вёску Мішкавічы, да якой пяць кіламетраў, ці нават па чацвяргах на базар у Улу. Заўважаюць з сумам, што грунтавая дарога, якая вядзе ад На­дзежына да Ерашова,  зарасла кустоўем.

Мясцовы музей-памяць


Усіх гасцей, хто прыязджае ў Ерашова, запрашаюць у так званы мясцовы музей драўляных вырабаў. Іх зрабіў Іосіф Якаўлевіч Прыгун і наказаў родным пакінуць калекцыю ў Ерашове. «Мы выканалі наказ дзядзі Юзі, – расказалі Ала і Аляксандр Рошчынскія. – Цэлы пакой адвялі пад яго вырабы. Ён знаходзіў у лесе незвычайныя карані, вецце і рабіў з іх арыгінальныя рэчы. Пра многія з іх можна расказ­ваць з жартамі, якія мы запомнілі ад дзядзі».

«Гародніну навучылася саджаць у  Ерашове»

Дыхтоўныя дамы ў вёсцы ўзвялі жыхары Мінска і Санкт-Пецярбурга. Сям’я Віталя і Рымы Маляўкаў трымаюць дачу 11 гадоў. І паклікаў іх сюды сябар Ігар Прыгун, які вырашыў, што радавая вёска бацькі – той самы куток, дзе камфортна.


Рыма Маляўка з неразлучным шпіцам Ронем гасцінна запрасіла ў вялікую альтанку, якая хутчэй нагадвае летні домік з вокнамі да самай падлогі. «У майго мужа беларускія карані, і ён гэтым ганарыцца, – расказала жанчына. – А я гарадская, раней ніколі ў жыцці не саджала гародніну, навучылася гэта рабіць у Ерашове. Інтэрнэт і руплівыя рукі – у дапамогу. Пачынала з памідораў, а цяпер і цыбулю вырошчваю, і моркву. Тут чыстае паветра, побач рэчкі і лес, а вада ідэальная – мы правяралі. А яшчэ – добразычлівыя шчырыя людзі, і гэта здорава». Маляўкі правялі ў дом электраацяпленне і вельмі задаволены. Разам з тым непакоіць, што елкі ўздоўж дарогі ўжо даволі высокія, упіраюцца ў правады, таму жыхары і звярнуліся на адзіны нумар 115 з просьбай зрэзаць старыя дрэвы.

З  гісторыі


Кажуць, што першым жыхаром вёскі быў Яраш – ад яго імя і пайшла назва вёскі. Да рэвалюцыі па Заходняй Дзвіне ў Рыгу сплаўлялі плыты з дубамі. А з Рыгі сплаўшчыкі ішлі дадому пешшу. Падчас будаўніцтва гідраэлектрастанцыі ў Полацку Дзвіна вымыла са сваіх берагоў некалькі акамянеўшых дубоў, якія праляжалі пад вадой многа гадоў.
Згадваюць ураджэнцы, як у вёсцы раней былі магазін і пачатковая школа. Добрае слова кажуць пра старшыню мясцовага калгаса «Чырвоная зорка» Паўла Іванавіча Прыгуна, настаўніцу Марыю Васільеўну Лейко, якая прыехала ў Ерашова працаваць і выйшла тут замуж.
З асаблівай удзячнасцю згадваюць ерашоўцаў, якія змагаліся падчас Вялікай Айчыннай вайны: Пятра Прыгуна, Іосіфа Баранава, Леаніда Баранава, Франца Шакуця, Паўла Ушала і многіх іншых. Нямала дамоў у Ерашове падчас вайны былі спаленыя, прыйшлося адбудоўваць нанова.

Знакаміты дуб і  крыніца


На высокім беразе ракі Сечна стаіць велічны дуб. Старажылы кажуць, што яму больш за чатырыста гадоў. Сярод дачнікаў ходзіць легенда: у час паходу на Маскву пад ерашоўскім дубам адпачываў сам Напалеон. Праўда гэта ці не, цяпер невядома. Але жыхары цэняць гэты дуб – пасля буранаў абразаюць пашкоджаныя галіны. Ад гэтага дрэва выглядае памаладзеўшым. Жыхары Ерашова ганарацца і мясцовай крыніцай, якая дорыць чыстую ваду. Пры гэтым кожны дачнік паклапаціўся і пра ўласны камфорт: на ўчастках ёсць калодзежы альбо свідравіны.


Ларыса ЗАЙЦАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *