Кастрычнік – гарачая пара для сельгасарганізацый раёна, у разгары ўборка кукурузы на сілас ва ўрочышчы Свярдлы. Тут рупіцца сумесны корманарыхтоўчы атрад ААТ «Прыазёрны мір» і ААТ «Ляжні».
Працэс нарыхтоўкі кармоў вядзецца ў адзіным комплексе. На полі ідзе зрэзка і здрабненне зялёнай масы. За рулём магутных кормаўборачных камбайнаў працуюць вопытныя механізатары Юрый Аўчыннікаў і Мікалай Жыгуноў. З-пад нажоў тэхнікі кукуруза адразу зялёным патокам сыплецца ў прычэпы трактароў.
– Сёлета кукуруза выдатная, высокая і сакавітая, з добрымі пачаткамі, ураджай радуе вока. Дзякуй агранамічнай службе і нашым механізатарам, якія добра дагледзелі пасевы, – адзначае механізатар Юрый Аўчыннікаў.
Каму, як не Юрыю, ведаць цану гэтаму ўраджаю, бо на ўборцы ён рупіцца ўжо больш за паўтара дзясятка гадоў. Ягоны вопыт і прафесійнае майстэрства дазваляюць паказваць добрыя вынікі ў рабоце: за адзін працоўны дзень механізатар здрабняе і зразае каля 300 тон зялёнай масы.
Не адстае ад камбайнаў і транспартнае звяно, якое забяспечвае бесперабойную лагістыку ад поля да месца захавання. Так, Андрэй Каваленка разам са сваім калегам Сяргеем Сяньковым за дзень робяць з добры дзясятак гружаных рэйсаў. Кожны з іх паспявае перавезці каля ста тон корму.
Канчатковыя кропкі зялёнага канвеера – сіласныя траншэі, якія дзеля зручнасці закладваюць каля фермаў. На раніцу 8 кастрычніка ў ААТ «Прыазёрны мір» нарыхтавана 3890 тон сіласу (67,1% да патрэбнага), у ААТ «Ляжні» – 5019 тон (76,05%).
Ларыса ЗАЙЦАВА.

