Лёс сям’і Міхеевых цесна звязаны з Шумілінскай дзіцячай школай мастацтваў

Актуалии Семья

Дынастыя Міхеевых
Цікава, як цесна звязаны лёс сям’і Міхеевых з Шумілінскай дзіцячай школай мастацтваў. Звязаны такімі трывалымі ніцямі, што толькі дзіву даешся.
Справа ў тым, што ў будынку сучаснай школы мастацтваў, што на вуліцы Піянерскай, у 60-я гады размяшчалася сярэдняя школа. І ў пакой на першым паверсе школы (зараз там клас харэаграфіі)  пераехала сям’я загадчыка гаспадаркі школы В. К. Міхеева. А спачатку Міхеевы жылі на вуліцы Ленінскай, якраз на тым месцы, дзе зараз стаіць будынак СШ № 1. Тут было аднапавярховае драўлянае збудаванне, у адным крыле якога жылі Міхеевы, а ў другім месціўся піянерскі пакой.

Самадзейны артыст шумілінскай сцэны
Тут варта сказаць, што культурная дынастыя Міхеевых пачалася з Васіля Канстанцінавіча – адданага самадзейнага артыста шумілінскай сцэны (на здымку справа). Ён спяваў, іграў на гітары, сваім акцёрскім талентам дапамагаў тэатральнаму калектыву раскрываць характары драматургічных герояў. У сям’і Міхеевых і зараз захоўваецца грамата лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу мастацкай самадзейнасці, атрыманая В. К. Міхеевым у 1951 годзе.
І вось у гэтым школьным пакоі, у сям’і артыстычнага заўгаса і школьнай настаўніцы заўсёды былі людзі. Тады тэлевізары, камп’ютары і іншыя гаджэты яшчэ не ўзялі людзей у палон, таму хадзіць у госці, разам вячэраць, расказваць цікавыя гісторыі, спяваць, іграць на музычных інструментах было прыемнай нормай. І ў сямейным пакоі Міхеевых гучалі папулярныя на той час “Каробачка”, “Свеціць месяц”, “Нарэчанька”, “Цыганачка”, “Лявоніха”, старадаўнія вальсы, якія на рэпетыцыях выконваў аматарскі аркестр настаўнікаў.
А калі ўлічыць, што за сценкай міхееўскіх “апартаментаў” знаходзіўся піянерскі пакой, і там пастаянна праходзілі рэпетыцыі духавога аркестра, то няцяжка ўявіць, што дзіцячы свет сына Анатоля і дачкі Надзеі ў вялікай ступені складаўся з музычных гукаў. У іх проста не было шансаў не палюбіць музыку, выбраць іншы прафесійны шлях.

Музыкант, кампазітар, паэт
Анатоль Васільевіч Міхееў – музыкант, выкладчык па класу баяна, аранжыроўшчык, самадзейны кампазітар, паэт, бард… Цікавы ён чалавек, незвычайны, крыху, можа, дзіўны, пра музыку і сваё адчуванне прыгожага можа гаварыць гадзінамі. А музычны старт узяў з таго дамашне-класнага пакоя, напоўненага музычнымі гукамі гармоніка і баяна, скрыпкі і флейты. Ён тады яшчэ марыў іграць на многіх інструментах. Свайго музычнага інструмента дома не было, і ён бегаў да Валодзі Званкова, у якога быў нямецкі баян. Выклікаюць светлыя пачуцці ўспаміны Анатоля Васільевіча пра гэты час: “У рабочы пасёлак “Дабееўскі мох”, у госці да Званковых, я накіроўваўся з прыўзнятым настроем, з чаканнем нечага новага і незвычайнага, нават гарадскога. У той час у самім Шуміліне яшчэ не было цагляных дамоў, а ў мікрараёне торфапрадпрыемства будаваліся шматкватэрныя двухпавярховыя дамы гарадскога тыпу. У адным з іх жыў мой сябар. На Брыкеце, як у нас называюць рабочы пасёлак, быў добры клуб, лепшы, чым драўляны ў Шуміліне. Была і свая самадзейнасць, свой духавы аркестр. А мне марылася, каб там была і музычная школа. І вось мара збылася! У 1961 годзе кіраўнік торфапрдпрыемства Галіна Куркова адкрыла музычную школу. Дырэктарам музычнай школы прызначылі Перагуд Маю Пятроўну. А выкладчыкам па класу баяна стаў Канін Іван Ягоравіч. Менавіта ён быў маім галоўным настаўнікам, ён даў мне пуцёўку ў жыццё. У яго я адвучыўся 5 год і з добрай падрыхтоўкай паступіў у Віцебскае музычнае вучылішча…”
У музычным вучылішчы апроч баяна ён авалодаў фартэпіяна, тубай, кантрабасам, скрыпкай, гітарай, домрай, балалайкай.
Пасля вучылішча Анатоль Міхееў вярнуўся ў Шуміліна. Дырэктарам музычнай школы на той час працаваў Раман Барысавіч Гольдберг. Гэта быў 1970 год. Малады музыкант захапіўся работай, вучыў дзяцей ігры на баяне, працаваў акампаніятарам у РДК, разам з Ларысай Цыркуновай стаяў ля вытокаў стварэння фальклорнага калектыву “Гульбічы”, з якім пабывалі на міжнародных фестывалях ва Украіне, Латвіі, Польшчы, не кажучы пра Беларусь. У 1997 годзе А. В. Міхееў арганізаваў аркестр народных інструментаў, які праз год атрымаў званне народнага і стаў лаўрэатам абласнога конкурсу сярод музычных школ.
У 2015 г. абласны метадычны цэнтр народнай творчасці выпусціў зборнік песень Міхеева «Крылы шчасця».
У сваёй апантанасці ён не заўважае часу. Даўно ўжо побач з ім працуюць яго вучні Святлана Чарткова, Віктар Скорынаў, Ганна Багданава, яго ж сын Канстанцін Міхееў. А сам Анатоль Васільевіч працягвае пісаць вершы, складаць музыку, марыць і свята верыць, што светлымі думкамі і марамі можна лёгка ўплываць на ход падзей жыцця.

Фартэпіяна для школы купіў Лосеў
Прафесійным музыкантам стала і Надзея – дачка Васіля Канстанцінавіча Міхеева. Яна выбрала фартэпіяна. Услед за братам Анатолем закончыла Віцебскае музычнае вучылішча і таксама вярнулася ў Шуміліна. У яе працоўнай кніжцы адзіны з 1973 года запіс – Шумілінская дзіцячая музычная школа (цяпер – школа мастацтваў – аўт.). Цікавы штрых у гістарычны абрыс Шуміліна дадала Надзея Васільеўна: у шасцідзясятыя гады, калі быў расфарміраваны Шумілінскі раён, музычныя класы месціліся ў памяшканні рэдакцыі, так што і нашы рэдакцыйныя сцены памятаюць многія эцюды і санаціны.
Надзея Васільеўна Галуза чалавек сціплы, пра сябе расказваць не любіць. Затое ахвотна расказвае, што сёння ў школе працуюць яе вучні Таццяна Калеснікава, Алена Новікава, Вольга Кайдановіч, ганарыцца іх поспехамі. Яна прызнаецца, што вельмі камфортна адчувае сябе ў прафесіі, нягледзячы на тое, што ўсё жыццё трэба займацца – 7 год у музычнай школе, 4 гады ў музычным вучылішчы і потым – кожны дзень. Паспрабуй даць адпачыць рукам ад інструмента хаця б месяц – і ўжо яны, як чужыя, не слухаюцца, губляюць сваю віртуознасць. А чаму выбрала фартэпіяна? Яна ўспамінае, што колішні дырэктар СШ №1 М. Ф. Лосеў купіў інструмент для школы, і калі на ім іграла малодшая дачка Лосева, чароўныя гукі разносіліся па школьным будынку. Яны і скарылі Надзею, аднойчы і на ўсё жыццё.
З культурай і адукацыяй звязала сваё жыццё і дачка Надзеі Васільеўны Вольга. Вольга Аляксандраўна бібліятэкар, закончыла Мінскі бібліятэчны інстытут, працуе ў школьнай бібліятэцы СШ №1, дапамагае дзецям адкрываць неабсяжны кніжны свет.

Пра ролю кахання ў адной асобна ўзятай сям’і
У дынастычную паралель Міхеевых нельга не ўпісаць і Ларысу Рыгораўну. У гэтую суполку яна трапіла выключна, дзякуючы каханню. У той час, як малады Анатоль Міхееў пачынаў самастойную працу, было заведзена накіроўваць музыкантаў на дапамогу сельскім установам культуры. І вось прыехаў малады музыка ў Лескавіцкі сельскі клуб, а там за загадчыцу Ларыса Рыгораўна – вясёлая, творчая, баявая. І ўсё – сэрца было працята стралой амура, і ён зачасціў на лескавіцкія рэпетыцыі.
А хутка нарадзілася сям’я. І маладую жонку Анатоль прывёз зноў жа на вуліцу Піянерскую (бацькі ж пераехалі на Брыкет у кватэру, дзе жылі калісьці Званковы), тут неўзабаве ў іх нарадзілася дачушка Леначка. Але гэта трэцяя хваля, пра яе крыху пазней. А пакуль яшчэ некалькі слоў пра Ларысу Рыгораўну. Яна смела можа сцвярджаць, што на сямейным караблі капітанская рубка – за ёй. Яна ж галоўны крытык і дапаможца ў творчасці мужа. За яе плячыма багаты вопыт моваведа, 27 год працы ў СШ №1. Яна з падзякай успамінае гэтую працу, сваіх настаўнікаў-дырэктараў А. А. Калкова, М. З. Сямёнава, радуецца поспехам сваіх былых вучняў. У яе жыцці было нямала перамог, у тым ліку і на рэспубліканскіх алімпіядах, але галоўная яе перамога – сям’я. Муж-творца, трое дзяцей, трое ўнукаў, трывалыя сямейныя традыцыі – гэта сапраўднае і неаспрэчнае багацце.

Міхееўскія плады і надзеі
Трое дзяцей Міхеевых – старэйшая Алена, двайняты Марына і Канстанцін. Анатоль Васільевіч і Ларыса Рыгораўна перадалі сваім дзецям упэўненасць у сабе, творчы падыход да справы, любоў да музыкі. Яны ўсе закончылі музычную школу, Алена і Канстанцін абралі музыку сваёй прафесіяй. Яны пасля заканчэння Наваполацкага музычнага вучылішча працуюць, вобразна кажучы, у радавым маёнтку – у адноўленай Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў на дарагой для іх сямейнай памяці вуліцы Піянерскай. Алена Анатольеўна працуе выкладчыкам на харавым аддзяленні, Канстанцін – акампаніятарам у класе харэаграфіі. Канстанцін, праўда, жартуе, што ў свой час марыў стаць дальнабойшчыкам. Алена ж з дзяцінства прымервала на сябе прафесію музычнага настаўніка. Пасля музычнага вучылішча скончыла яшчэ інстытут культуры. Сёння яна радуецца ўмовам, якія створаны ў музычнай школе, кажа, што ёй шанцуе на таленавітых вучняў. І пры такім спалучэнні ўмоў, таленавітасці і любві да музыкі не могуць не нараджацца новыя лаўрэаты  конкурсаў.
Уменне трымацца перад публікай, не баяцца выступаць, выразнасць мовы (яна ж таксама спявала і іграла на фартэпіяна, удзельнічала ў самадзейнасці) дапамагаюць сёння ў педагагічнай рабоце Марыне Анатольеўне. А на сцэну ўжо выходзяць яе дзеці – другакласніца Анечка вучыцца вакалу ў Алены Анатольеўны, а акампануе ёй Надзея Васільеўна. Да дзедавага баяна цягнецца ўжо і малодшанькі Славік.
А старэйшы ўнук Міхеевых Леў (сын Алены) заканчвае дзявяты клас раённай гімназіі. У сям’і спадзяюцца, што 9 класаў ён закончыць з адзнакай «выдатна», а пасля адзінаццаці паступіць у медыцынскі ўніверсітэт.  А культуру ёсць каму падтрымліваць, жартуе Леў, вунь Аня і Славік падрастаюць…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №28 ад 08.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *