В Сиротинском сельсовете прошёл День работы с населением

Актуалии Общество Президент

Праблемы, якія дыктуе рэчаіснасць

Дзень работы з насельніцтвам у Сіроцінскім сельсавеце, які пачаўся 9 сакавіка з сустрэч з людзьмі па месцы жыхарства і падворнага абходу асобных груп грамадзян, працягнуўся 17 сакавіка днём прафілактыкі. На чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай прайшлі сустрэчы ў калектывах Сіроцінскай школы, фермы Сіроціна, Слабадскога ўчастка ЖКГ і некаторых іншых.

Характар і асноўныя тэмы выступленняў у калектывах былі вызначаны тымі праблемамі, якія дыктуе рэчаіснасць, і якія тычацца многіх. Ні ў якім разе не замоўчваць факты сямейнага гвалту прасіў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Вячаслаў Воранаў.
В. Воранаў заўважыў, што многія ахвяры так званага бытавога тэрарызму не спяшаюцца звяртацца за дапамогай у праваахоўныя органы і выкрываць такую, на іх погляд, непрывабную праблему, бо не жадаюць прыцягваць увагу да сваёй сям’і з боку сацыяльных службаў. Але такое бяздзеянне толькі развязвае рукі дамашнім тыранам, што можа прывесці да сумных і непрадказальных вынікаў. Міліцыянер заўважыў, што сёння заканадаўства дазваляе прымаць меры да сямейных дэбашыраў нават у выпадку адсутнасці заявы на іх з боку пацярпелых. У гэтай сувязі ён заклікаў усіх не быць раўнадушнымі да таго, што адбываецца ў сем’ях суседзяў і знаёмых.
Часцей за ўсё сямейная нядбайнасць звязана са злоўжываннем спіртнога. Сёння на ўліку ў нарколага стаіць 40 чалавек з Сіроцінскага сельсавета. Прычым, сярод іх – 8 абавязаных асоб і 17 жанчын. Гэтыя лічбы агучыў нарколаг райбальніцы Васіль Багдановіч.
Тэму бяспекі жыцця працягваў намеснік начальніка РАНС Рыгор Жук, знаёмячы людзей з сітуацыяй, якая складваецца з пажарамі на тэрыторыі краіны і раёна ў прыватнасці. Ён канстатаваў, што сёлета ў тры разы павялічылася колькасць пажараў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года: у раёне здарылася 6 пажараў, адзін чалавек загінуў. Таксама ён звяртаў увагу на вынікі, да якіх можа прывесці выпальванне сухой расліннасці, заўважыў, што такія выпадкі зафіксаваныя ўжо гэтай вясной.
Тэму сацыяльнага ўтрыманства агучвала ў сваіх выступленнях намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна ўзначальвае спецыяльную камісію райвыканкама, якая займаецца дэталёвым аналізам кожнага канкрэтнага выпадку па факце Дэкрэта №3. Яна расказала, што на сённяшні дзень у камісію паступіла 57 зваротаў ад грамадзян з просьбай вызваліць іх ад выплат па дэкрэце. 56 заяў было разгледжана, 30 чалавек поўнасцю вызваленыя ад выплат, сем – часткова, 19-ці ж было адмоўлена. Галоўнай задачай дэкрэта Ірына Іванаўна назвала ідэалагічна-выхаваўчую, прывяла канкрэтныя выпадкі, якія прыходзіцца разглядаць. Запэўніла, што ніхто не будзе пакінуты ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, але калі чалавек можа дазволіць сабе да 36 год нават працоўнай кніжкі не мець і ніколі нідзе не працаваць, то гэта недапушчальна. І зусім іншая сітуацыя, калі рупліўцы, скажам, працуюць на зямлі, жывуць з мазаля, то якія ж яны ўтрыманцы.
Дзень прафілактыкі прадоўжыўся пашыраным пасяджэннем савета грамадскага пункта аховы правапарадку Сіроцінскага сельсавета, якое прайшло ў Слабадскім ДК і якое правёў старшыня сельвыканкама Сяргей Каржуеў. Удзел у рабоце ўзялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава і пракурор раёна Сяргей Зайцаў. З запрошанымі на пасяджэнне былі складзены гутаркі з прапановамі па наладжванні кожнай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.
Дырэктар Слабадской д/с-СШ Алена Пузікава расказала, што сёння ў вёсцы ёсць дзве сацыяльна нестабільныя сям’і, у якіх выхоўваюцца чацвёра дзяцей. У студзені мінулага года 5 сем’яў з такога ўліку былі знятыя. Стала відавочна, што сітуацыя ў праблемных сем’ях знаходзіцца пад пільным кантролем педагогаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 21.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *