Парадак на зямлі і адказнасць спецыялістаў

Актуалии Президент Экономика

Парадак на зямлі і адказнасць спецыялістаў

6 кастрычніка выязную нараду па пытаннях завяршэння палявых работ, пастаноўкі тэхнікі на захоўванне і падрыхтоўкі ферм да стойлавага ўтрымання жывёлы з кіраўнікамі і спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, сельскагаспадарчых арганізацый раёна правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў. Удзельнікі нарады наведалі шэраг вытворчых аб’ектаў у ААТ “Лаўжанскае”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, КУСГП “Сіроцінскі”.
На фермах Мясаедава і Латкова ААТ “Лаўжанскае”, дзе пачалася нарада, яе ўдзельнікі пабачылі падрыхтаваныя да прыёму жывёлы памяшканні, утрыманне малых цялят. Кіраўнік раёна неаднойчы падкрэсліваў, што ад адказнасці спецыялістаў, кіраўнікоў сярэдняга звяна залежыць уся работа на вытворчых аб’ектах. З боку кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў райсельгасхарчу павінен быць пастаянны, штодзённы кантроль. І жыццё паказвае, што дзе гэты кантроль ёсць, там ёсць і станоўчыя вынікі, адзначаў Аляксандр Снараў.
Прадоўжылася размова на мехдвары гаспадаркі. Уся тэхніка стаіць у мехдвары “пад лінейку”, адчуваецца пэўны парадак. Але кіраўнік раёна выказаў крытычныя заўвагі ў адрас інжынернай службы ААТ “Лаўжанскае” і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. “Дождж перашкаджае палявым работам, але не перашкаджае мыць тэхніку, убіраць смецце і бруд на двары. Два тыдні таму завяршылася ўборка збожжавых, чаму камбайны не памытыя і не пастаўлены на захоўванне?” – задаваў слушныя пытанні старшыня райвыканкама. У ходзе размовы ішла гаворка пра стварэнне нармальных умоў працы для механізатараў, ацяпленне  рабочых памяшканняў.
На ферме райаграсэрвісу Залужжа кіраўнік раёна таксама звярнуў увагу на недахопы і адзначыў, што гэта ферма прыклад таго, «як не павінна быць».
У “Сіроцінскім” удзельнікі нарады наведалі фермы Сіроціна, Мосарава і Слабада. Пазнаёміліся з тым, як праведзена падрыхтоўка да зімы.
Трэба наводзіць парадак усюды – на палях, на фермах, уздоўж дарог, у населеных пунктах, падсумаваў вынік аб’езду кіраўнік раёна, парадак – гэта паказчык узроўню работы спецыялістаў і кіраўнікоў.
Дарэчы, пытанні парадку на вытворчых аб’ектах, а таксама вытворчасці малака ўзнімаліся і на аператыўнай нарадзе, якая напярэдадні праводзілася ў ААТ “Прыазёрны мір”. Вытворчасць малака – гэта найважнейшае пытанне, пра якое павінны штодзённа думаць кіраўнікі і спецыялісты ўсіх узроўняў. У зімовы час малако – адзіная крыніца грашовых сродкаў на зарплату і бягучыя расходы, але зараз “мінусуюць” па рэалізацыі малака практычна ўсе гаспадаркі раёна. “Як з такімі надоямі і з такой рэалізацыяй выплачваць зарплату, купляць паліва і запчасткі?” – пытаўся  старшыня райвыканкама. Практыка паказвае, адзначаў ён, што падчас дойкі на статках не бываюць не толькі спецыялісты гаспадарак, але нават і загадчыкі ферм, што вядзе да парушэння тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, да прамых страт прадукцыі, а значыць і даходаў сельгаспрадпрыемстваў.
Асобным радком была закранута тэма кантролю за расходам паліва. Бескантрольнасць вядзе да кра-дзяжоў паліва, іншых матэрыяльных рэсурсаў. Патрабаванне старшыні райвыканкама – штодзённы кантроль з боку кіраўнікоў гаспадарак, галоўных эканамістаў і галоўных аграномаў за расходам паліва, аб’ёмамі выкананых работ кожным механізатарам.
У ходзе абедзвюх нарад “чырвонай ніткай” праходзіла тэма парадку ва ўсім і адказнасці спецыялістаў за даручаны ўчастак работы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №79 ад 10.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *