У чаканні першага скачка,
ці Як служыцца, дэсантнік?
Многія хлопцы з дзяцінства мараць служыць у дэсантных войсках. Аднак трапляюць у гэтыя элітныя войскі нямногія. Тут адмысловая служба, свой лад жыцця, які не кожнаму пад сілу. У прызыўніка павінна быць ідэальнае здароўе, гатоўнасць здзяйсняць скачкі з парашутам, уменне нестандартна думаць. Зусім нядаўна адабраныя для службы ў Віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе хлопцы папоўнілі рады Узброеных Сіл. Наперадзе ў навабранцаў няпростыя, але цікавыя будні.
Напярэдадні Новага года карэспандэнт раённай газеты разам з намеснікам ваеннага камісара АРВК Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Ігарам Аляксеевым пабываў у Віцебску ў 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе.
На КПП сталі сведкамі таго, як маці прасіла сустрэцца са сваім сынам. Пакуль чакалі гвардыі маёра намесніка камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце Аляксандра Пастарнака, пытанне аб сустрэчы вырашылася станоўча. Гвардыі старшы лейтэнант Андрэй Баланэску адзначыў, што бацькі кожную нядзелю могуць прыехаць да сваіх сыноў, сустрэцца з імі, паглядзець на ўмовы службы, паразмаўляць з іх камандзірамі. “Бывае, што сваякі прыязджаюць у іншыя дні, – расказвае афіцэр. – Зразумела, што гэта не зусім па статуце. Але ж ёсць і чалавечы фактар. Напрыклад, як сёння, маці прыехала з іншай вобласці. У нядзелю ў яе прыехаць не атрымліваецца”.
У гэты час да нас падышоў Аляксандр Пастарнак:
– Рады вітаць шумілінцаў. Хлопцы з вашага раёна пастаянна праходзяць службу ў нас. З цяперашніх пяціста навабранцаў сямёра з Шуміліншчыны. Мы пастаянна дасылаем падзячныя лісты бацькам і ў ваенкамат – шумілінскія хлопцы годна служаць. На жаль, няма з вашага раёна кантрактнікаў, затое ваш зямляк гвардыі маёр Юрый Красіцкі – намеснік камандзіра змешанага артылерыйскага батальёна. Афіцэр заслужыў аўтарытэт як сярод калег, так і сярод салдат.
Першыя месяцы навабранцы праводзяць у батальёне новага папаўнення, для якога выдзелена асобная казарма, дзе створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання і службы. Аляксандр Пастарнак падкрэсліў, што ўмовы для праходжання тэрміновай службы тут адны з лепшых ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, па выніках мінулага года 103-я паветрана-дэсантная брыгада стала лепшай па ўсіх паказчыках у беларускай арміі.
На пачатковым этапе армейскага жыцця навабранцы асвойвалі базавыя веды і салдацкія навыкі: вывучалі вайсковыя статуты, адпрацоўвалі прыёмы страявой падрыхтоўкі, займаліся фізічнай падрыхтоўкай. Зараз навабранцы перайшлі да агульнавайсковай падрыхтоўкі, у якую ўваходзяць заняткі па тактыцы, агнявой падрыхтоўцы, інжынернай справе, медыцыне і, зразумела, па паветрана-дэсантнай справе. “Важна, каб з першага дня службы малады салдат адчуў гонар за вайсковую часць, ведаў яе слаўныя традыцыі, – падкрэслівае Аляксандр Пастарнак. – Адным словам, адчуў, што ён – частка элітных войскаў. Толькі ў гэтым выпадку будзе парадак і дысцыпліна”. Шмат увагі надаецца менавіта духоўнаму і маральнаму выхаванню. Так, на тэрыторыі ёсць праваслаўны храм. Прычым, толькі службамі святар храма не абмяжоўваецца: менавіта з яго ўдзелам сталі традыцыйнымі для дэсантнікаў экскурсіі па горадзе, наведванні выстаў. “За час службы нашы салдаты неаднойчы сходзяць у тэатр і ў кінатэатр, – адзначае Аляксандр Пастарнак. – Ну, і зразумела, на футбол і хакей. Амаль упэўнены, што “на грамадзянцы” не кожны мае такую магчымасць”.
Але найперш цікавіла пытанне пра тое, як служыцца дэсантнікам. “Тут усё строга і па гадзінах, – усміхнуўся Аляксандр Пастарнак. – А шостай гадзіне – пад’ём. Зарадка, асабістая гігіена, сняданак. З васьмі да васямнаццаці з перапынкам на абед – вайсковыя заняткі, спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Пасля вячэры – гадзіна вольнага часу. У 22.00 – адбой”. Дарэчы, кожнаму салдату дазваляецца мець мабільны тэлефон, праўда, ён павінен быць без фотакамеры і інтэрнету. Карыстацца ім можна ў вольную гадзіну.
Вядома, хацелася пранікнуць і ў таямніцы армейскай кухні: даведацца, чым кормяць дэсантнікаў. І, як аказалася, кормяць байцоў шчодра. Да прыкладу, на вячэру давалі вялікую порцыю рыбы з грэчкай на гарнір, на дэсерт – вялікую шклянку соку, ёгурт, булку з маслам. На абед салдаты могуць выбіраць стравы на выбар: суп ці боршч, бульбу ці макарону.
Аляксандр Пастарнак апярэдзіў ўсе пытанні карэспандэнта і заявіў: “У нас служаць сем шумілінцаў – Кірыл Бяззубенка, Уладзіслаў Данькоў, Алег Кандраценка, Уладзімір Маркусфельд, Аляксандр Сідзельнікаў, Сяргей Сіроткін і Кірыл Чухноў. Хай лепей яны самі раскажуць пра сваю службу”.
З семярых шумілінскіх салдат найбольш гаваркім аказаўся абальчанін Кірыл Чухноў. “Кірыл ужо паспеў паўдзельнічаць у першынстве брыгады па рукапашным баі, – пракаментаваў Аляксандр Пастарнак. – Добра правёў свае паядынкі. Стаяў да апошняга. Сапраўдны дэсантнік”.
“Нічога страшнага ў арміі няма, – гаворыць хлопец. – Зразумела, першыя тыдні прызвычаіцца даволі цяжка да рэжыму дня. Усё-такі ў шэсць гадзін раніцы спаць яшчэ хочацца. Афіцэры і сяржанты змаглі стварыць у казарме такія ўмовы, што ты ўжо літаральна праз тыдзень адчуваеш сябе дэсантнікам. Выконвай загады старэйшых па званні, старайся, калі не атрымліваецца – спакойна падкажуць, параяць, як зрабіць лепш. Шчыра прызнаюся, што такіх адносінаў не чакаў. Нейкіх асаблівых эмоцый пакуль што няма”.
Пачуўшы гэта, у размову ўключыўся Аляксандр Сідзельнікаў: “Так, сапраўды, эмоцый няшмат. Думаю, ранавата вы прыехалі да нас. Бо сяржанты кажуць: вось зробіце свой першы скачок з парашутам – тады і атрымаеце адрэналін і эмоцыі…”
З найбольш прыкметнага са свайго новага армейскага жыцця хлопцы назвалі прыняцце прысягі ў сярэдзіне снежня. “Стаіш са зброяй у руках на плошчы Перамогі перад сваякамі, таварышамі і зачытваеш словы прысягі, – успамінае Уладзімір Маркусфельд. – Дрыжыкі бягуць па ўсім целе. І самыя галоўныя словы “клянуся мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь!” вымаўляюцца па-асабліваму”. Не сталі ўтойваць салдаты і тое, што чакалі прысягу і па той прычыне, што ўпершыню пасля адпраўкі ў армію змаглі пабачыць сваіх сваякоў і атрымаць першае звальненне. “Першы месяц службы – каранцін, – дзеліцца Кірыл Чухноў. – Са сваякамі ўсе зносіны толькі па тэлефоне. А вось пасля прысягі да нас могуць прыязджаць кожную нядзелю”.
У хлопцаў больш чым год тэрміновай вайсковай службы. Можна сказаць, што ў іх усё яшчэ наперадзе. Але ўжо зараз з упэўненасцю можна сцвярджаць, што для іх слова “дэсантнік” – не пустое. Яны ўжо зараз сталі часткай дэсантнага братэрства, з гонарам будуць насіць блакітныя берэты і ганарыцца службай у славутай 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №5 ад 16.01.2018 г.