Знайсці сям’ю для адзінокага чалавека
Асноўным накірункам работы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна з’яўляецца аказанне сацыяльных паслуг у форме сацыяльнага абслугоўвання на даму. Таксама ў аддзяленні вядзецца пастаянная работа па ўкараненні новых відаў сацыяльнага абслугоўвання.
– Зараз у нас арганізаваны і функцыянуюць, акрамя традыцыйных відаў, такія формы сацыяльнага абслугоўвання, як “прыёмная сям’я”, “патранатная сям’я”, “дом зімоўкі, узаемадапамогі”, – расказвае загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Шумілінскага раёна Святлана Уладзіміраўна Быкава. – Напрыклад, “прыёмная сям’я” прадугледжвае сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі асобы, якая мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, і асобы, што аказвае сацыяльныя паслугі і не з’яўляецца родзічам.
У “патранатных сем’ях” працаздольная сям’я аказвае садзейнічанне непрацаздольнаму ў нарыхтоўцы дроў, кашэнні, праполцы агарода, зборы ўраджаю і г. д. Сумеснае пражыванне двух і больш непрацаздольных грамадзян, у тым ліку якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі на даму, прадугледжвае “Дом зімоўкі”.
– Сёлета ўведзена новая форма сацыяльнага абслугоўвання – сацыяльнае абслугоўванне ў замяшчальнай сям’і, – дадае Святлана Быкава. – Гэта прадугледжана Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2017 г. № 864, якая была прынята на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 чэрвеня 2017 года «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні”». Дадзеная форма прадугледжвае аказанне сацыяльных паслуг паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі гэтага грамадзяніна і фізічнай асобы, якая аказвае сацыяльныя паслугі і не з’яўляецца асобай, абавязанай па законе ўтрымліваць гэтага чалавека.
Разлічваць на аказанне сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і маюць права адзінокія пастаянна пражываючыя на тэрыторыі краіны непрацуючыя інваліды 1 і 2 групы і адзінокія непрацуючыя грамадзяне, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту.
Аказваць такія паслугі можа дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 год, які пастаянна пражывае на тэрыторыі краіны, не з’яўляецца інвалідам 1 і 2 групы і асобай, абавязанай па законе ўтрымліваць непрацаздольнага грамадзяніна. Закон называе яго Памочнікам.
Па словах загадчыцы аддзялення ТЦСАН, аказанне сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і ажыццяўляецца на падставе трохбаковага дагавора, бакамі якога з’яўляюцца мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у асобе ТЦСАН, паўналетні непрацаздольны грамадзянін і Памочнік. Мэтазгоднасць заключэння такога дагавора вырашае спецыяльная камісія.
Для заключэння дагавора Памочнік разам з паўналетнім непрацаздольным грамадзянінам звяртаецца ў ТЦСАН па месцы рэгістрацыі ці месцы жыхарства. Заключэнне дагавора Памочніка з трыма і больш грамадзянамі адначасова не дапускаецца.
“Для вырашэння фінансавага боку пытання ў замяшчальнай сям’і прапануецца фарміраваць бюджэт, – расказвае С. У. Быкава. – Парадак яго фарміравання і выкарыстання адлюстроўваецца ў адпаведным пагадненні да дагавора. Пры гэтым устанаўліваецца, што сума грашовых сродкаў, перадаваемых паўналетнім непрацаздольным грамадзянінам у бюджэт замяшчальнай сям’і, не можа перавышаць 75% яго пенсіі.
У выпадку аказання сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і інваліду 1 групы з рэзка выражаным парушэннем здольнасці абслугоўваць сябе прадугледжана выплата Памочніку штомесячнага грашовага ўзнагароджання. Пры гэтым памер такой выплаты складае 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы, а пры адначасовым аказанні сацыяльных паслуг двум непрацаздольным грамадзянам – у памеры 150%”.
Святлана Быкава таксама адзначыла, што асновай пераліку сацыяльных паслуг, аказваемых у замяшчальнай сям’і, з’яўляюцца сацыяльныя паслугі, якія ўваходзяць у пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Нормы і нарматывы зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2012 г. №1218.
А наогул, па ўсіх пытаннях можна звяртацца па тэлефоне 4-28-27.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №13 ад 13.02.2018 г.