Стары Новы год, ці Пра тое, як падарыць сабе казку

Общество Семья

Стары Новы год, ці Пра тое, як падарыць сабе казку

Калі нечым захоплены, то жыццё ніколі не будзе нудным. У гэтым упэўнена Святлана Архіпава з Шуміліна, якая разам з мамай Таісіяй Фамянок працягвае збіраць бабуліну калекцыю паштовак. Іх ужо больш за 400. Пры тым усе экспанаты з прывітаннямі і віншаваннямі, з кожным звязаны прыемныя ўспаміны ці важная падзеі.

Напярэдадні Новага года Святлана падлічыла, што ў калекцыі больш за сотню навагодніх паштовак. Самая рарытэтная датавана 1952 годам. Гэта стылізаваны фотаздымак, на якім выяўлены дзядуля і матуля з братам. Такую ў той час можна было заказаць у фотаатэлье ў Шуміліне.
Новы год – любімае свята ў гэтай сям’і. Тут абавязкова гатуюць аліўе, п’юць шампанскае і аддаюцца ўспамінам… Таісія Пятроўна – аднагодка Перамогі. Яе дзіцячыя гады выпалі на той час, калі было не да святаў.
– Смачней, чым бульба і сала з марозу, тонка нарэзанае, я нічога не ела, – успамінае Таісія. – На Новы год тата абавязкова прыносіў з лесу ёлку пад столь, а мы з братам упрыгожвалі яе гірляндамі з нарэзаных папяровых палосак і райскімі яблычкамі, якія раслі ў садзе.
У гэты раз Таісія Пятроўна папрасіла дачку згатаваць «моднае»: курыную ножку з грыбамі ў мяшэчку са слоенага цеста. Дарэчы, Святлана заўсёды робіць стаўку на сытныя стравы, бо муж і двое дарослых сыноў заўсёды аддадуць перавагу менавіта такім закускам.
Перабіраючы старыя паштоўкі, жанчыны крыху сумуюць па часах, калі з нецярпеннем чакалі паштальёна з вестачкай ад родных і сяброў, самі пачкамі адпраўлялі віншаванні ў розныя гарады. Раней было прынята слаць паштоўкі да ўсіх святаў. Здавалася б, цяпер у месенджарах можна адправіць, што хочаш, нават відэа. Але хіба гэтыя прывітанні радуюць нас гэтак жа, як старыя добрыя паштоўкі?..
– Цяпер прынята наракаць на адсутнасць навагодняга настрою. Але ж толькі мы самі за яго ў адказе, – упэўнена Святлана Архіпава. – Ніхто не створыць для вас свята. Яно павінна быць у душы.
Святлана ведае, што дарыць значна прыемней, чым атрымліваць. Напрыклад, сёлета яна з задавальненнем паўдзельнічала ў ананімным абмене падарункамі праз Інстаграм «Таемны Санта». Ёй прыемна думаць, што яе падарунак некага пацешыў, хай нават наўзамен яна нічога і не атрымае.
Святлана і Таісія мараць, каб іх калекцыя працягвала папаўняцца новымі асобнікамі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №99 ад 21.12.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *