Десятки нарушений экологического законодательства выявлены Шумилинской районной инспекцией природных ресурсов и охраны окружающей среды в 2011 году

Экология

У “Сіроцінскім” былі  горы гною
У пачатку гэтага года раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіліся абследаванні жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, якія размешчаны ў водаахоўных зонах. Асаблівую ўвагу спецыялісты ўдзялілі пытанням своечасовага вывазу арганікі, рацыянальнаму выкарыстанню вады, выкананню правілаў захоўвання і прымянення мінеральных угнаенняў, санкцыянаванаму размяшчэнню адыходаў.
“Сумесна са спецыялістамі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абследаваны шэраг жывёлагадоўчых ферм, – расказвае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І. Г. Блізнец. – На фермах Язвіна, Мазекі, што ў “АграБаравінцы”, на фермах “Шумілінскага райаграсэрвісу” Светласельская і Добрына парушэнняў не было. Аднак пры абследаванні ферм Зямцы, Сіроціна, Мосарава, што ў КУСГП “Сіроцінскі”, у студзені былі горы арганічных угнаенняў на прыфермавых тэрыторыях. На ферме Мосарава адсутнічала гноесховішча. Арганіка ад аднаго з кароўнікаў не вывозілася, а змывалася вадой на прылягаючую да фермы тэрыторыю. Кіраўніку сельгаспрадпрыемства выдадзена прадпісанне”.
Прадпісанні  па недахопах на фермах выдаваліся і ў канцы мінулага года. У прыватнасці, “Сіроцінскаму” і “Ульскаму”. Кіраўнікі названых сельгасарганізацый былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Захаваць зямлю, ваду і паветра
Задача раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – ахова водных і зямельных рэсурсаў, лясоў, атмасфернага паветра, асабліва – ахоўваемых прыродных тэрыторый, а таксама стварэнне прыдатных умоў для пражывання людзей у раёне, папярэджанне і выяўленне правапарушэнняў аховы навакольнага асяроддзя.
У мінулым годзе арганізацыямі аграпрамысловага комплексу праведзены работы па рамонце і навядзенні парадку на 65 жывёлагадоўчых фермах і комплексах, 18 машынных дварах, 16 зернесушыльных комплексах. У сельскагаспадарчы абарот уведзена 30,7 гектара патэнцыяльна ўрадлівых і пустуючых земляў. У населеных пунктах раёна высаджаны 6742  дрэвы, 4373 кустарнікаў, 439 тысяч штук расады кветак, зроблена паўтара гектара газонаў, абсталявана 11 месцаў адпачынку ў лясным фондзе  і 4 месцы адпачынку на водных аб’ектах.
За мінулы год інспекцыяй выяўлена 11 несанкцыянаваных звалак, складзена 6 актаў-прадпісанняў і 10 пратаколаў, накладзена штрафаў на суму 2,3 мільёна рублёў. Праведзены абследаванні 10 палігонаў і 101 міні-палігона. Выяўлены тры выпадкі захоўвання другасных матэрыяльных рэсурсаў, за што да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры асобы, спагнана 0,49 мільёна рублёў.
У 2011 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь прыцягнуты 34 службовыя і 22 юрыдычныя асобы, трое грамадзян. Агульная сума штрафаў склала 19,7 мільёна рублёў.
Летась было праведзена 29 праверак суб’ектаў гаспадарання раёна па пытаннях захавання прыроднага заканадаўства. Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты  чатыры службовыя асобы (выпісана штрафаў на суму 0,42 мільёна рублёў) і пяць юрыдычных асоб (аштрафаваны на суму 2,6 мільёна рублёў).
У мінулым годзе было ўстаноўлена восем фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю такімі арганізацыямі як УП ЖКГ, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Шумілінскі цэх ААТ “Малако”, “Шумілінскі райаграсэрвіс”, Обальскі керамічны завод. Выстаўлены чатыры прэтэнзіі на суму 2,2 мільёна рублёў.
Летась у інспекцыю паступіла 12 зваротаў грамадзян, у тым ліку 7 – пісьмовых. Усе звароты правераны і разгледжаны ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін. Паўторных зваротаў за мінулы год не паступала.
У 2011 годзе ў нашым раёне зарэгістраваліся дзесяць грамадскіх інспектараў аховы прыроды, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль за аховай навакольнага асяроддзя, выяўляюць парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, стандартаў, норм і правілаў у вобласці аховы навакольнага асяроддзя.
І. БЛІЗНЕЦ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Надрукавана ў №23 ад 20.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *