Спецыяліст па кадрах сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» Аксана Карага восем гадоў узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю, у якую зараз уваходзіць 205 чалавек. Аксана – адна з самых маладых прафсаюзных лідараў у раёне.
У рабоце дапамагаюць камунікабельнасць, пэўныя аўтарытэт і вопыт. «Я не адна працую у прафсаюзе, нас цэлая каманда, – усміхаецца Аксана. – Прафсаюзны камітэт – гэта калектыў аднадумцаў. Мы адкрытыя для любых прапаноў, крэатыўных ініцыятыў. Разам сочым за выкананнем патрабаванняў па ахове працы, закупкай сродкаў індывідуальнай аховы, вырашаем жыллёвыя і сацыяльна-бытавыя пытанні, віншуем людзей падчас юбілеяў, арганізоўваем экскурсіі. Кожны год да Новага года рыхтуем салодкія падарункі падшэфным –мясцовай школе і дзіцячаму саду. Увогуле працуем у цесным партнёрстве з кіраўніцтвам сельгасарганізацыі, якое заўсёды слухае і чуе людзей, ідзе ім насустрач. Разам аб’язджаем фермы падчас Новага года, 8 Сакавіка і віншуем калектывы».
У Аксаны Карага ёсць і яшчэ адна грамадская нагрузка –амаль пяць гадоў яна з’яўляецца дэпутатам Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў па Шасейнай выбарчай акрузе № 5. Свае паўнамоцтвы ажыццяўляе без адрыву ад працоўнай дзейнасці. Прафсаюзны лідар і дэпутат – пасады сугучныя, бо іх аб’ядноўвае работа ў адным накірунку: з людзьмі і для людзей. Аксана ўдзельнічае ў рабоце сесіі Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў, пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку, розных рэйдах. Тэлефануе ў службы, калі яе просяць людзі замяніць лямпачкі на слупах, прачысціць дарогу ад снегу, вырашыць праблему па вадзе.
«Аксана вельмі актыўная, добра кантактуе з людзьмі, – кажа старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Святлана Кійко. – Яна нам вельмі дапамагае. Наогул дэпутат мясцовага Савета –самы блізкі да людзей прадстаўнік улады. Аксана добра ведае вяскоўцаў, разумее іх праблемы і стараецца вырашыць».
Ларыса ЗАЙЦАВА