А можна па-іншаму?..
З пачаткам вясны рэдка ўдаецца прайсці па вуліцам Ленінскай і Юбілейнай без таго, каб людзі не запыталіся: “Чаму не пішыце? Не паднімаеце тэму?”. А тэма з аскомай і ў ёй, як час паказаў, няма кансэнсусу.
– Пра агароды ля шматпавярховак гаворка ідзе даўно. І асабіста я згодная з тым, што ў большасці выпадкаў градкі псуюць выгляд гарадскіх вуліц. Але пустка, якая сёння расцягнулася пад вокнамі, не радуе ні прахожых, ні тым больш нас, жыхароў дома № 61 па вуліцы Юбілейнай, – гаворыць Л. П. Маскалькова.
– Так, можа і будуць рамантаваць адмостку, але ж літаральна абгалілі грэйдэрам участак. А навошта зрылі ўвесь урадлівы слой глебы, нам незразумела. Мы былі гатовыя працягваць упрыгожваць прыдамавую тэрыторыю і пачалі садзіць жывую агароджу з кустоў і кветак, не рабілі плёначныя укрыцці для раслін… А слой зямлі, які, між іншым, мы за свае грошы ў 80-ыя навазілі, каб засыпаць пасля будаўнікоў гліну, дапамагаў ад лішніх асадкаў, не прапускаў ваду ў падвал дома, пабудаванага прама пад горкай. Сёння тут зноў стаіць вада…, – абураецца В. П. Карнілава, таксама жыхарка дома № 61.
Безумоўна, удзячныя кіраўніцтву раёна жыхары пасёлка і вуліцы Ленінскай: тратуары, дарогу адрамантавалі, агароджу паставілі. Але ж за агароджай цяпер – быльнёг. Канешне, маглі б жыхары навесці парадак пад вокнамі і самі. Так, маглі б, – адказваюць, – але склалася думка, што ніхто не зацікаўлены ў тым, каб мы прынялі ў гэтым удзел.
– Мы не ведаем, што цяпер можна, а чаго нельга. Ніхто да нас не прыйшоў, не паказаў, дзе будзе газон, дзе праезд для трактара, аб’явілі праз раённую газету, што забаронена саджаць градкі і ўсё на гэтым. А чаму нельга ўпрыгожыць участак пад вокнамі кветкамі ўперамежку з той жа гароднінай? – выказвае свой пункт гледжання на праблему В. У. Варкулевіч, жыхарка вуліцы Ленінскай. – Раней нават часопіс “Прысядзібная гаспадарка” даваў прыклады, як прыгожа скампанаваць зеляніну і кветкі. Сёння ж век камп’ютараў і служба ЖКГ можа распрацаваць любую праграму па добраўпарадкаванню і ветліва давесці людзям, як зрабіць і прыгожа, і карысна. Можна па-чалавечы дамовіцца з аматарамі агародчыкаў ля шматпавярховак. Глядзіш, добраўпарадкаванне тэрыторый паступова, а не агрэсіўна перай-шло б у сапраўды агульную справу.
– Мы ўсе бачым, што камунгас без дапамогі жыхароў пакуль яшчэ справіцца з усім не ў стане. А забаронай і грэйдэрам дамовіцца не атрымаецца, такая ў чалавека псіхалогія: як да яго, так і ён. Мы зразумелі б, каб замест нашых градак пасеялі газон, а не вы-граблі ўрадлівы слой, не пакінулі лужыны і гразь. Няўжо дзецям з дзіцячага садзіка лепш бачыць гэты “кар’ер”, чым акуратныя градкі? – дзівіцца сітуацыі В. А. Галавач, жыхарка дома № 57, што па вуліцы Юбілейнай.
Пэўна, сапраўды, не было б гэтых скаргаў, каб з людзьмі сустрэліся і абмеркавалі планы навядзення парадку, папрасілі дапамагчы камунгасу ў гэтай справе.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №49 ад 22.06.2012 г.