Где работает лучшая доярка Шумилинского района? Конкурс профмастерства среди операторов машинного доения

2024 - Год качества Новости Общество Сельское хозяйство

Дзе працуе лепшая даярка раёна?

У канцы мінулага тыдня на палетках ААТ «Ляжні» выбіралі лепшую даярку – тут прайшоў раённы конкурс аператараў машыннага даення.

Галоўная мэта мерапрыемства, арганізаванага райкамам прафсаюза работнікаў АПК і спецыялістамі райсельгасхарчу, – папулярызацыя работы даярак і павышэнне яе прэстыжу.

Работа ў жывёлагадоўлі нялёгкая і адказная, яна патрабуе сіл, працавітасці і ўмення, адзначыла падчас адкрыцця конкурсу начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці райсельгасхарчу Марына Панкраценка. Аператары машыннага даення падчас летне-пашавага сезону працуюць на палетках і ў непагадзь – там іх чакаюць каровы, якіх трэба падаіць.

 

Конкурс праводзіўся ў тры этапы: тэарэтычная частка, разборка-зборка даільнага апарата, даенне кароў. Ацэньвала ўзровень кваліфікацыі кампетэнтнае журы. У тэорыі, як потым расказалі удзельніцы конкурсу, былі як лёгкія пытанні, так і тыя, якія прымушалі задумацца. А разборка даільнага апарата патрабавала не толькі спецыяльных навыкаў, але і фізічнай сілы.

 

Тым часам пастухі фермы Ляжні-1 разбілі новы загон, бліжэй да перасоўнай даільнай устаноўкі, а каровы з поўнымі вымямі малака падыходзілі да ПДУ. Абедзенная дойка для іх была незвычайнай – у ёй прымалі ўдзел 11 даярак з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Па выніках конкурсу перамогу атрымала Кацярына Кацялевіч з КУСГП «Ульскі». Другое месца ў Наталлі Чаранок з СФГ «Раднік», трэцяе – у Ганны Ермаковіч з ААТ «Ляжні».

Пераможцаў павіншаваў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзімір Пушноў. Ён адзначыў, што жывёлаводы – гэта залаты фонд раёна, бо менавіта ад іх залежаць захаванасць маладняку, колькасць і якасць надояў, а ад малака, як вядома, гаспадаркі раёна маюць асноўны даход.

У гэты дзень ніводная з удзельніц конкурсу не засталася без падарунка ад прафсаюза. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова знайшла ўхваль-ныя словы пра кожную даярку – самую маладую, самую вопытную, з вялікім і маленькім стажам. Так што ўсе засталіся задаволенымі.

Конкурс аздобілі вясёлыя песні работнікаў цэнтра культуры, пад якія напрыканцы конкурсу многія адвялі душу – кінуліся ў танцы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *