Што рабіць са смеццем пасля рамонту?
Перыядычна гаспадары робяць рамонт кватэры ці дома, абнаўляючы жыллё. Паколькі такія работы пакідаюць пасля сябе шмат смецця, рана ці позна знікае пытанне: куды падзець адходы?
Папрасілі даць адказ на гэта пытанне на старонках раённай газеты і нашы чытачы, жыхары прыватнага сектара райцэнтра, падворкі якіх забяспечаны згодна з заключанымі дагаворамі з УП ЖКГ індывідуальнымі кантэйнерамі для збору бытавога смецця.
Перш чым разабрацца, куды падзець смецце пасля рамонту, трэба разумець, што менавіта адносіцца да гэтай катэгорыі адходаў. Так, звычайна пад імі маюць на ўвазе аддзелачныя матэрыялы, уключаючы шпалеры, фарбу, клей, плітку, дзвярныя і аконныя канструкцыі, розныя будаўнічыя сумесі, кавалкі ламінату, лінолеуму. Такія матэрыялы забаронена выкідваць у стандартныя кантэйнеры.
Правільнае абыходжанне з гэтай катэгорыяй адходаў ляжыць у сферы адказнасці жыхароў. Паколькі заканадаўства забараняе выкідванне будаўнічага смецця ў кантэйнеры для цвёрдых бытавых адходаў, складванне яго паблізу гэтых ёмістасцяў, а таксама каля дома або на лесвічнай пляцоўцы, то парушэнне гэтага правіла прыводзіць да штрафных санкцый. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (арт. 16.44) прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь.
Вырашыць пытанне ўтылізацыі будаўнічых адходаў нескладана, зазначыў дырэктар УП ЖКГ Шумілінскага раёна Аляксей Шпакаў. Гаспадарам трэба прыйсці ў арганізацыю (г. п. Шуміліна, вул. Піянерская, д. 10) і напісаць пісьмовую заяву на аказанне платнай паслугі. Канчатковы кошт паслугі будзе залежыць ад таго, які від тэхнікі патрэбны для вывазу (трактар ці маніпулятар) і колькі часу будзе затрачана на работы. На дадзеныя віды паслуг ва УП ЖКГ распрацаваны прэйскурант цэн.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА

