Пра парадак, гандаль і дарогі
У аўторак, 10 чэрвеня, Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на тэрыторыі Дабейскага сельсавета. Рабочая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі РАНС, РАУС, ТЦСАН, УП ЖКГ, ДРБУ-204 і іншых структур, правяла сустрэчы з жыхарамі вёсак Прыазёрная, Непароты, Гародна, Дабея, Вялікія Ляжні, Сосніна, Лялюгі і аграгарадка Амбросавічы.
Актыўнасць насельніцтва была даволі высокая – практычна ў кожнай вёсцы на сходах было мнагалюдна. У вёсцы Прыазёрнай на сустрэчу прыйшлі пераважна жыхары шматпавярховак. Яны цікавіліся, калі ў іх дамах будзе зроблены капітальны рамонт. У адным з пад’ездаў дома №3 па вуліцы Маладзёжнай уваходныя дзверы патрабуюць замены, вось і пыталіся ў кампетэнтных асоб, як гэта можна зрабіць. Па заканадаўстве замена дзвярэй у пад’ездах робіцца за кошт жыхароў. Падчас сустрэчы было прапанавана некалькі варыянтаў рашэння пытання.
У Непаротах вяскоўцы дзякавалі за новую дарогу. Праўда, узнікла іншая праблема – машыны, як выказаліся вяскоўцы, проста лётаюць па вёсцы. Таму і прасілі ўстанавіць штучную перашкоду для абмежавання хуткасці руху аўтамабіляў. Паскардзіліся і на работу аўталаўкі: «Зусім няма выбару…», «То цукру няма, то солі», «Каўбасы не купіць»…
У аграгарадку Амбросавічы пераважна гаварылі пра добраўпарадкаванне. У Беларусі ўступілі ў сілу абноўленыя Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, і пра новаўвядзенні больш падрабязна расказаў вяскоўцам Мікалай Будневіч.– Па новых правілах гаспадары прыватных дамоў і зямельных участкаў абавязаны падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане будынкі, збудаванні, гаспадарчыя пабудовы і агароджы, у тым ліку фарбаваць, рамантаваць, замяняць дэфармаваныя, пашкоджаныя асобныя канструкцыі і элементы, – падкрэсліў Мікалай Аляксеевіч. – Трава вышэй за 20 сантыметраў на ўчастку павінна быць абавязкова скошана, а смецце і сухая расліннасць – прыбраны.
Шчыры дыялог адбыўся і ў Вялікіх Ляжнях. Добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак, стан дарогі, бедны асартымент аўталаўкі – топ пытанняў, якія хвалююць сяльчан.
Што тычыцца Дабеі, то на сустрэчу з гасцямі з райцэнтра вяскоўцы прыйшлі з добрым настроем і гумарам. Адразу зазначылі, што вялікіх праблем не маюць, і папрасілі арганізаваць для іх свята вёскі.
Невялічкія вёскі Гародна, Сосніна і Лялюгі сустрэлі летняй рознакаляровасцю і асаблівым спакоем. Каб сустрэць гасцей, многія адклалі клопаты на агародах, і з задавальненнем паразмаўлялі з прадстаўнікамі раённай улады на розныя тэмы. Праблемныя пытанні практычна тыя ж: сціплы асартымент аўталаўкі і дарогі. Хаця ў Лялюгах прагучала і «тэлефонная» праблема: дрэнная стацыянарная і мабільная сувязь.
Усе пытанні, узнятыя на Дні работы з насельніцтвам, перададзены адпаведным службам і ўзяты на асабісты кантроль старшынёй раённага Савета дэпутатаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.






